Экс-памочніка Мясніковіча арыштавалі пасля адпачынку на Сейшэлах
Дзяніс Тумаш і Міхаіл Мясніковіч / belchemoil.by
Па крымінальнай справе арыштаваны 43‑гадовы Дзяніс Тумаш, кіраўнік кампаніі "Белнафтахім-Рос". Яго кінулі ў СІЗА КДБ.
Як піша "Наша Ніва", вялікая крымінальная справа вакол дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім" закруцілася яшчэ ў канцы 2024 года. Афіцыйнай інфармацыі пра яе няма. Тумаш — адзін з галоўных фігурантаў. Яго кампанія "Белнафтахім-Рос" займаецца продажам прадукцыі "Белнафтахіма" на расійскі рынак. Яе заснавальнік — дзяржаўны Беларускі нафтавы гандлёвы дом.
Дзяніс Тумаш нарадзіўся ў 1982 годзе. Ён скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і трапіў на працу ў Акадэмію навук, калі яе ўзначальваў Міхаіл Мясніковіч. Там малады спецыяліст адказваў за маркетынг. У 2010-м Мясніковіча прызначылі прэм’ер-міністрам, і ён забраў Тумаша ў апарат Саўміна. Суседзям па камеры СІЗА КДБ менеджар называўся былым памочнікам Мясніковіча.
У верасні 2014-га Тумаш узначаліў кампанію "Белнафтахім-Рос", і сям’я пераехала ў Расію. Гэтай кампаніяй ён, як вынікае з расійскіх баз даных, кіраваў да верасня 2024 года. Прыкладна тады ж яго арыштавалі за атрыманне хабару і адправілі ў СІЗА КДБ.
Суседзям па камеры Тумаш расказваў, што нейкі час жыў у Маямі, але потым адмовіўся ад амерыканскага дазволу на жыхарства. Арыштавалі яго на наступны дзень пасля вяртання з адпачынку на Сейшэльскіх астравах.
Жонка Тумаша Аліса працуе ў структурах ЕўрАзЭС.
Сярод іншых арыштаваных па справе "Белнафтахіма" называюць Дзмітрыя Хвайніцкага. Ён узначальваў упраўленне ацэнкі рызыкаў.