У Барысаве арыштавалі актывістаў Сяргея Салаша і Змітра Бабіцкага

Сяргей Салаш

Сяргей Салаш / facebook.com/zmicier.pankaviec

У Барысаве арыштавалі мясцовых актывістаў Сяргея Салаша і Змітра Бабіцкага.

"12 лістапада ў Барысаве супрацоўнікамі КДБ быў арыштаваны мой добры сябра Сяргей Салаш. Большай інфармацыі пакуль даваць не магу", — напісаў у Фэйсбуку журналіст Зміцер Панкавец, які сам паходзіць з гэтага рэгіёну.

49‑гадовы Сяргей Салаш — вядомы грамадскі дзеяч, мясцовы лідар. Паводле звестак "Нашай Нівы", арыштаваныя таксама 46‑гадовы эканаміст Зміцер Бабіцкі і яшчэ некалькі чалавек, якія разам з Салашам складалі мясцовы асяродак.

Бабіцкі і Салаш у ранейшыя гады актыўна ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях, балатаваліся ў дэпутаты, збіралі подпісы за кандыдатаў ад апазіцыі. У 2010‑х адышлі ад палітыкі і пераключыліся выключна на бізнес і грамадскую дзейнасць.

"Наша Ніва" звяртае ўвагу, што на мінулым тыдні КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" ініцыятыву "Склад бутэлек". Датычнымі да яе назвалі Салаша і Бабіцкага. Таксама ў КДБ паведамілі, што да ініцыятывы маюць дачыненне Валянцін Бахцінаў, Аляксандра Вішнеўская, Настасся Цярэшка, Валерыя Бельская, Юрый Душын, Вольга Стралкоўская, Кірыл Скабейка, Дзмітрый Кавалёнак, Сяргей Статкевіч.

У чым быў "экстрэмізм" аб'яднання, у КДБ не тлумачылі. Але ў Беларусі такі ярлык можна атрымаць практычна за любую крытыку ўладаў ці несанкцыянаваную ініцыятыву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.