ЗША знялі яшчэ частку санкцый з "Белавія"
Самалёт "Белавія" / belavia.by
Урад ЗША зняў яшчэ частку санкцый з "Белавія" і дазволіў кампаніі лятаць на амерыканскіх "Боінгах" у Расію. Гэты папулярны напрамак больш не трапляе пад абмежаванні.
Паслабленні адбыліся на фоне перамоваў адміністрацый Лукашэнкі і Трампа па вызваленні палітвязняў у абмен на адмену санкцый, заўважылі журналісты-расследвальнікі з "Бюро".
Пра тое, што ЗША здымаюць санкцыі з "Белавія", стала вядома ў верасні 2025-га. Аднак пры гэтым дзейнічала забарона на рэйсы ў Расію на самалётах амерыканскай вытворчасці. Тым не менш "Белавія" гэтую забарону ігнаравала адразу ж. Хоць восем лайнераў былі пад забаронай, сем з іх у верасні ляталі ў Маскву, шэсць – у Сочы, чатыры – у Санкт-Пецярбург. Асобныя самалёты накіроўваліся ў Калінінград, Екацярынбург, Махачкалу, Наябрск і Самару.
Пасля гэтага амерыканскі бок зняў санкцыі з самалёта Лукашэнкі — урадавага лайнера з бартавым нумарам EW-001PA. Але ў кастрычніцкім лісце на адрас "Белавія" Міністэрства гандлю ЗША падкрэсліла, што палёты ў Расію на "Боінгах" амерыканскай вытворчасці забароненыя.
Беларуская авіякампанія, аднак, праігнаравала патрабаванні і пашырыла геаграфію рэйсаў — у Казань і Уладзікаўказ. Лукашэнка назваў забарону на палёты "Боінгаў" у Расію "недарэчнымі абавязацельствамі".
І ўжо ў лістападзе, як высветліла "Бюро", амерыканцы накіравалі новы ліст "Белавія". У ім Расію ўжо не называлі ў ліку краін, куды беларускаму перавозчыку забаронена лятаць на амерыканскіх "Боінгах".
Гендырэктар "Белавія" Ігар Чаргінец шчыра заявіў, што зняцце амерыканскіх абмежаванняў стала сігналам для ўсіх партнёраў беларускай кампаніі. Пасля гэтага аднавіліся палёты ў Алматы, рэйсы ў Ізраіль, адкрыліся рэйсы ў Тайланд, рыхтуюцца палёты ў В'етнам, Туніс, Іярданію.