"Белавія" парушае ўмовы адмены амерыканскіх санкцый — "Бюро"

Самалёт "Белавія"

Самалёт "Белавія"

Беларуская дзяржаўная авіякампанія "Белавія" лятае ў Расію на "Боінгах", нягледзячы на забарону амерыканскага ўрада. Гэта высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро".

На пачатку лістапада Штаты афіцыйна знялі санкцыі з авіякампаніі "Белавія". Пра адмену санкцый загаварылі ў верасні, калі з беларускіх турмаў было вызвалена і вывезена ў Літву паўсотні вязняў, у тым ліку палітычных.

Пры адмене санкцый кампаніі "Белавія" забаранілі выкарыстоўваць лайнеры амерыканскай вытворчасці для палётаў у Расію, Іран, Паўночную Карэю, Сірыю, на Кубу і акупаваныя тэрыторыі Украіны. Гэтыя ўмовы Міністэрства гандлю ЗША акрэсліла ў верасні ў спецыяльным лісце на імя гендырэктара "Белавія" Ігара Чаргінца. У ім указваліся восем канкрэтных самалётаў Boeing 737.

Журналісты "Бюро" вывучылі расклад іх рэйсаў — выявілася, што сем лайнераў парушылі патрабаванні ЗША. У верасні-лістападзе ўсе яны ляталі ў Маскву, шасцёра – у Санкт-Пецярбург і Сочы. Тры лайнеры выконвалі рэйсы ў Казань і Екацярынбург, два – у Калінінград. Асобныя самалёты накіроўваліся ў Махачкалу, Наябрск, Кіраў, Самару і Уладзікаўказ.

Дарэчы, у кастрычніку Лукашэнка назваў забарону на палёты Boeing 737 "Белавія" ў Расію і іншыя краіны "недарэчнымі абавязацельствамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.