ЗША прыпынілі санкцыі супраць кампаніі "Белавія"
Самалёт кампаніі "Белавія" / t.me/MinskNationalAirport/
ЗША часова спынілі санкцыі супраць "Белавія" і аднаго з самалётаў Лукашэнкі. Такое рашэнне 4 лістапада прыняло ўпраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША.
"Белавія" зноў можа ўдзельнічаць у фінансавых і камерцыйных транзакцыях, якія раней былі немагчымыя праз статус заблакаванай асобы.
Таксама са спісу заблакаваных асоб выключаны самалёт Bombardier Challenger 850 з рэгістрацыйным нумарам EW-301PJ — бізнес-джэт, на якім падарожнічаюць высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі і члены сям'і Лукашэнкі.
Акрамя таго, Мінфін ЗША выдаў ліцэнзію, якая часова дазваляе аперацыі з трыма канкрэтнымі самалётамі, "якія маюць дачыненне да Аляксандра Лукашэнкі ці замежнай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Slavkali".