ЗША спрабуюць не даць авіякампаніям РФ доступ да санкцыйных дэталяў праз РБ

Самалёт кампаніі "Белавія"

Самалёт кампаніі "Белавія" / Еўрарадыё

Вашынгтон спрабуе закрыць для расійскіх авіякампаній пастаўкі санкцыйных авіядэталяў праз Беларусь. Менавіта гэтым тлумачыцца забарона на палёты "Боінгаў" кампаніі "Белавія" ў Расію, піша выданне Politico.

Як паведамлялася раней, 11 верасня ў адказ на выхад з-за кратаў 51 вязня ЗША аслабілі санкцыі супраць кампаніі "Белавія". Пазней стала вядома, што "Боінгам" беларускай кампаніі забароненыя палёты ў Расію, Паўночную Карэю, Іран, Сірыю і Кубу, а таксама акупаваныя тэрыторыі Украіны — Крым і так званыя "ЛНР" і "ДНР". Таксама нельга перавозіць тавары, якія могуць падтрымліваць расійскую агрэсію супраць Украіны. Акрамя таго, пад санкцыямі застаўся "Боінг", на якім лятае Лукашэнка.

"Белавія" мае шаснаццаць  самалётаў, прычым дзевяць з іх — "Боінгі".

Як піша Politico, ліст з пералікам абмежаванняў Мінгандлю ЗША накіравала гендырэктару беларускай кампаніі на наступны дзень пасля таго, як адміністрацыя Трампа прыняла пастанову пра зняццё санкцый з "Белавіі".

У беларускай кампаніі на запыт Politico не далі дакладнага адказу, ці будуць спыненыя рэйсы ў Расію і з Расіі. Аднак ужо 15 верасня "Белавія" абвясціла пра 50-адсоткавую зніжку на рэйсы ў Санкт-Пецярбург. Беларускі перавозчык не ўдакладніў, ці будуць у гэтых рэйсах выкарыстоўвацца "Боінгі".

Дарэчы, пасля зняцця санкцый з "Белавіі" Расія папрасіла ІКАО зняць санкцыі з расійскіх авіяперавозчыкаў, уведзеныя пасля пачатку шырокамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.