Белы дом, складаючы спіс Рады міру, паблытаў Беларусь і Бельгію
Падпісанне статуту Рады міру / AFP
Амбасадар Беларусі ў Швейцарыі Аляксандр Ганевіч удзельнічаў у цырымоніі зацвярджэння статуту Рады міру. Гэты орган ствараецца з ініцыятывы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Аляксандр Лукашэнка атрымаў запрашэнне ад Трампа і адрэагаваў пазітыўна. Беларусь стала адной з 19 краін, якія ўступілі ў арганізацыю.
Праўда, калі Белы дом апублікаваў пералік краін, якія далучыліся да Рады міру, Беларусі там не было. Затое была Бельгія, якая сваёй згоды не давала. На гэта адрэагаваў міністр замежных спраў Бельгіі Максім Прэво. У сваім допісе ў сацсетцы X ён заявіў, што яго краіна не падпісвала Хартыю Рады міру і што заява Белага дома не адпавядае рэчаіснасці. Бельгія, як і многія іншыя краіны ЕС, выступае за агульны еўрапейскі падыход і ставіцца да гэтай ініцыятывы з асцярогай.
Пазней урадавыя крыніцы пацвердзілі, што проста паблыталі назвы краін і прынялі Беларусь за Бельгію, заўважыла "Наша Ніва".
Дзяржавы-чальцы Рады міру будуць мець трохгадовы тэрмін паўнамоцтваў. Для атрымання статусу пастаяннага чальца арганізацыі патрабуецца заплаціць 1 мільярд долараў — для фінансавання дзейнасці Рады.