Снег, мокры снег і снег з дажджом чакаюцца ў Беларусі ў чацвер

Снегапад, ілюстрацыйнае фота

Снегапад, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У чацвер, 5 лютага, у Беларусі будзе воблачна з праясненнямі, паведамляе Белгідрамет.

Уначы пераважна па паўднёва-заходняй палове, а зранку і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі — снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе — з дажджом. Месцамі чакаюцца галалёд, слабая завіруха і слабы туман. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца ўсходні, паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень месцамі — парывісты.

Тэрмометры ўначы пакажуць ад -6 па паўднёвым захадзе да -24 градусаў па паўночным усходзе краіны. Удзень чакаецца 4-10 ніжэй за нуль, па паўночным усходзе Беларусі будзе да 12 градусаў марозу, а ў паўднёва-заходніх раёнах 0...-3 градусы.

6-7 лютага ўмовы надвор'я ў Беларусі будуць вызначаць франтальныя раздзелы і цёплыя паветраныя масы, якія ідуць з поўдня Еўропы.

У пятніцу будзе воблачна. Часам чакаюцца ападкі — снег, мокры снег, па захадзе з дажджом. Месцамі прагназуюцца галалёд, слабая мяцеліца і наліпанне мокрага снегу, на дарогах — снежныя заносы. На асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер будзе паўднёва-ўсходні ўмераны, месцамі — парывісты.

Тэмпература паветра ўначы складзе ад -1 градуса па паўднёвым захадзе да -14 па паўночным усходзе краіны. Удзень чакаецца 2-9 градусаў марозу, па захадзе і поўдні Беларусі будзе -1...+1 градус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.