У Арменіі прапануюць стварыць міністэрства сексу
Міністэрства сексу прапануюць стварыць у Арменіі / Deon Black/pexels.com
Вялікі розгалас у Арменіі выклікала прапанова стварыць Міністэрства сексу. Яе ў сваім падкасце агучыў Саргіс Карапяцян, сына бізнэсоўца Самвела Карапяцяна, абвінавачанага ў закліках да захопу ўлады і адпраўленага пад хатні арышт.
"У моцнай Арменіі не будзе незадаволеных жанчын", — заявіў Саргіс Карапяцян. І дадаў, што дэмаграфічныя праблемы нельга вырашыць без сексу.
Гаворачы пра моцную Арменію, Карапяцян меў на ўвазе прыход да ўлады партыі "Моцная Арменія", якую заснавала іх сям'я, адзначае JAMnews. Ужо вядома, што партыя будзе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах у Арменіі ў чэрвені 2026 года.
Заяву Карапяцяна раскрытыкавалі праваабаронцы і арганізацыі, якія займаюцца абаронай правоў жанчын. Яны назвалі недапушчальнай "стэрэатыпную і дыскрымінацыйную пазіцыю ў дачыненні да жанчын".
Кааліцыя супраць гвалту ў адносінах да жанчын выступіла з адмысловым зваротам: "Жанчын нельга выкарыстоўваць для атрымання дывідэндаў у палітычных кампаніях. Жанчыны і ўразлівыя групы насельніцтва не могуць быць прадметам палітычных спекуляцый, бо гэта праява дыскрымінацыі, ушчамлення годнасці".
Адзін з жыхароў Арменіі падаў на Карапяцяна заяву ў праваахоўныя органы — ён палічыў яго словы злачынствам.
Дарэчы, такое экзатычнае міністэрства не было б унікальнай з'явай. У Вялікабрытаніі існуе міністр па справах адзіноты, у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах ёсць міністр шчасця і дабрабыту, у Індыі — Міністэрства аюрведы.