Арменія дазволіла выехаць беларускай палітуцякачцы, абвешчанай у вышук

Ерэван, ілюстрацыйнае фота

Ерэван, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Арменія дазволіла выехаць беларусцы, якую абвясцілі ў міждзяржаўны вышук паводле палітычных матываў.

У 2020 годзе жанчына ўдзельнічала ў мірных масавых пратэстах і ўваходзіла ў кіраўніцтва аднаго з чатаў, удзельнікі якога абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. У Беларусі яе затрымлівалі паводле палітычных артыкулаў, і пасля допыту яна была вымушаная пакінуць радзіму, паведамляе ў сваім тг-канале Павел Латушка.

Падчас падарожжа ў 2025 годзе беларуска прызямлілася ў Арменіі. Там ёй заявілі, што з краіны яна выехаць не можа, бо рэжым Лукашэнкі абвясціў яе ў міждзяржаўны вышук.

У падтрымку беларускі выступілі Офіс Святланы Ціханоўскай, кіраўнік НАУ Павел Латушка, праваабарончы цэнтр "Вясна", фонды BySol і ByHelp, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, а таксама прававая камісія Каардынацыйнай рады. Юрыдычную падтрымку ў Арменіі беларусцы аказвала арганізацыя "Грамадскі вердыкт".

Пасля разгляду справы пракуратура Арменіі афіцыйна дазволіла нашай суайчынніцы пакінуць краіну. Цяпер беларуска ўжо прыбыла на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.