Экс-дарадцу Ціханоўскай падазраюць у Эстоніі ў махлярстве на 450 тысяч еўра
Таццяна Зарэцкая
У Эстоніі прадпрымальніцу Таццяну Зарэцкую, экс-дарадцу лідэркі беларускіх дэмсілаў Святланы Ціханоўскай, падазраюць у махлярстве пры атрыманні субсідый ад ЕС на "зялёны" стартап. Прычыненая шкода ацэньваецца амаль на 450 тысяч еўра, піша выданне "Зеркало" са спасылкай на эстонскія СМІ.
Зарэцкая ўзначальвае стартап Laava Tech OÜ. Гэтая кампанія распрацавала асабліва энергаэфектыўныя рашэнні для раслінаводства. Значную фінансавую выгаду ад іх, як абвяшчалася, мусілі атрымаць фермеры. У 2021-2023 гадах Еўракамісія вылучыла на праект, які каардынавала кампанія Laava Tech, каля 2,4 мільёна еўра.
А ў 2024-м Еўрапейская пракуратура пачала крымінальнае расследаванне магчымага махлярства, звязанага з еўрасубсідыяй для Laava Tech. Акрамя Зарэцкай у справе фігуруюць яшчэ два падазраваныя. Брусель патрабуе вярнуць больш за 2 мільёны еўра з вылучанай субсідыі.
У снежні 2025 года Хар'юскі павятовы суд у Эстоніі арыштаваў грошы на банкаўскіх рахунках Зарэцкай — да 1,8 мільёна еўра. Таксама суд забараніў ёй распараджацца долямі ў эстонскіх кампаніях.
У верасні 2022-га Зарэцкую прызначылі прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы. Аднак менш чым праз два месяцы яна пакінула кабінет, заявіўшы пра велізарны ціск на сябе, сваіх родных і бізнес-партнёраў. Перад тым у СМІ з'явіліся шматлікія публікацыі, у якіх пад сумнеў ставіліся бізнес-поспехі Зарэцкай.