На выходных у Беларусі чакаецца снег, у нядзелю вернуцца маразы

Зіма, ілюстрацыйнае фота

Зіма, ілюстрацыйнае фота / t.me/kopylbel/

У суботу, 14 лютага, у Беларусі будзе пераважна воблачнае надвор'е, паведамляе Белгідрамет.

У многіх раёнах краіны пройдуць ападкі — дождж, мокры снег, снег. Уначы прагназуюцца ўмераныя ападкі, удзень — невялікія. Уначы месцамі па поўначы краіны чакаецца наліпанне мокрага снегу. Уначы і зранку ў асобных раёнах будзе туман, слабы галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Вецер чакаецца пераменных напрамкаў умераны.

Тэрмометры на працягу сутак пакажуць -4...+2 градусы, па паўночным захадзе краіны будзе да 10 градусаў ніжэй за нуль.

У нядзелю, 15 лютага, надвор'е на большай частцы тэрыторыі Беларусі будзе вызначаць вільготная арктычная паветраная маса. Прагназуецца воблачнае з праясненнямі надвор'е.

Месцамі, а ўдзень па поўдні краіны ў многіх раёнах пройдзе снег. Па поўдні Беларусі ўдзень чакаецца слабая завіруха. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночнай чвэрці ўмераны, удзень на поўдні — парывісты.

Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе ад -6 градусаў па поўдні да -20 па поўначы краіны. Удзень чакаецца 6-13 градусаў марозу, па поўдні краіны месцамі будзе 4-5 градусаў ніжэй за нуль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.