У пятніцу на большай частцы Беларусі прагназуюць дождж і мокры снег
Мокры снег і дождж чакаюць у Беларусі / Delfi
У пятніцу, 13 лютага, у Беларусі чакаецца пераважна воблачнае надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі — дождж, мокры снег, па поўначы — са снегам. У асобных раёнах будуць утварацца туман і слабы галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Удзень месцамі па поўначы краіны чакаецца наліпанне мокрага снегу. Вецер будзе паўднёвы, уначы — ад слабога да ўмеранага, удзень — умераны.
Тэрмометры ўначы пакажуць ад 4 градусаў марозу да 2 градусаў цяпла. Удзень тэмпература паветра складзе -1...+5 градусаў.
У суботу, 14 лютага, будзе воблачна, удзень — з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі — снег, мокры снег, дождж. Месцамі чакаюцца туман і галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Вецер будзе пераменных напрамкаў умераны, удзень — парывісты.
Тэмпература паветра на працягу сутак будзе ад -8 градусаў па паўночным захадзе да +2 градусаў па паўднёвым усходзе краіны.