Дзе танней купляць тэхніку — у Беларусі ці ў Польшчы? Параўналі цэны
Цэны ў Беларусі / @rubanau_collage
Бытавая тэхніка — тое, што беларусы пастаянна прывозілі з Польшчы. У заходняй суседкі яна і каштуе танней, і якасць у яе лепшая.
Еўрарадыё праверыла, ці сапраўды везці бытавую тэхніку з Польшчы ўсё яшчэ выгадна, і параўнала цэны на аднолькавыя мадэлі.
Колькі каштуюць смартфоны?
Самы новы і вельмі папулярны 17-ы айфон на 256 ГБ каштуе ў Беларусі 3499 рублёў. У Польшчы такі ж “апарат” можна купіць за 3245 рублёў (далей — у пераліку са злотых па курсе Нацбанка РБ на 11.02.2026). Розніца — 255 рублёў.
З лінейкі Android возьмем флагманскі Samsung 17 S25 Ultra. У Беларусі дэвайс каштуе 5000 рублёў. А ў польскіх крамах вы зможаце набыць яго за 4870 рублёў. 130 рублёў розніцы — даволі адчувальна.
Дзе танней купіць тэлевізар?
55-цалёвы тэлевізар QLED SAMSUNG QE55Q6FAAU 55 з падтрымкай SMART TV і іншых сучасных функцый абышоўся б вам у Беларусі ў 2180 рублёў. Той самы тэлевізар у Польшчы каштуе 1622 рублі.
Як мінімум толькі на адным тэлевізары можна зэканоміць больш за 500 рублёў.
Параўноўваем ноўтбукі
Паглядзім ноўтбукі. Спачатку Apple. Напрыклад, MacBook Air 13 M2 з 16 ГБ аператыўнай памяці ў беларускіх крамах можна купіць за 3099 рублёў, а ў польскіх — за 3000 рублёў.
Розніца невялікая, але ўсё роўна на карысць Польшчы.
А што ў канкурэнтаў Apple?
Напрыклад, гульнявы ноўтбук Lenovo LOQ 15ARP9 у Беларусі можна купіць за 4409 рублёў, з 512 ГБ убудаванай памяці. Той самы ноўтбук, але з 1 ТБ памяці, каштуе ў Польшчы 3164 рублі.
Розніца каласальная, тым больш што ў Польшчы вы атрымліваеце ўдвая больш убудаванай памяці.
Што з халадзільнікамі?
Зразумела, што цягнуць з Польшчы халадзільнік — клопатная справа, але чаму б проста не параўнаць цэны?
Возьмем сярэдні халадзільнік маркі Bosch, мадэль KIN86NSE0. У Мінску за такую кухонную тэхніку аддасце не менш за 3531 рубель. А ў Варшаве за тую самую мадэль заплаціце 2100 рублёў.
Купляючы ў Польшчы, можна было б зэканоміць амаль паўтары тысячы рублёў.
Колькі каштуюць пральныя машыны ў Беларусі і Польшчы?
Пральныя машыны таксама не вельмі зручна везці з Польшчы, але калі значна танней — чаму б і не?
У Мінску пральную машыну Bosch Serie 6 WGG242ZKPL прадаюць за 2390 рублёў.
У Варшаве такі ж апарат можна было б купіць за 2028 рублёў, зэканоміўшы больш за 350 рублёў.
Мікрахвалёўкі. Дзе купіць — у Беларусі ці ў Польшчы?
Мікрахвалёўкі везці з Польшчы прасцей, але ці ёсць у гэтым сэнс?
Напрыклад, печ ELECTROLUX LMS2203EMX у Беларусі можна купіць за 931 рубель. У Польшчы такая ж мадэль каштуе 962 рублі.
У Беларусі аказалася выгадней на 31 рубель.
Дзе танней купіць пыласос?
Пыласосы выгадней везці з Польшчы.
Вертыкальны пыласос Dyson V15s Detect Submarine у Беларусі можна купіць за 2830 рублёў.
У Польшчы такая ж мадэль каштуе 2579 рублёў.
Купіць прас у Польшчы танней?
Для прыкладу возьмем прас фірмы PHILIPS DST3010/30 3000 Series. У Беларусі такі апарат каштуе 153 рублі.
У Польшчы значна танней — 112 рублёў.
Што ў выніку?
Цэны амаль на ўсю тэхніку, якую мы параўноўвалі, аказаліся ніжэйшыя ў Польшчы.
Нагадаем, што сярэдняя зарплата ў Польшчы да выліку падаткаў складае 7363 рублі, а ў Беларусі — 3112,7 рубля.