Віцебскую дэсантную брыгаду перакінулі да мяжы з Украінай па даручэнні Лукашэнкі
Вайскоўцы 103-й паветрана-дэсантнай брыгады / БЕЛТА
Віцебскую 103-ю паветрана-дэсантную брыгаду перакінулі на паўднёвы ўсход Беларусі да мяжы з Украінай. Гэта было зроблена па даручэнні Лукашэнкі ў рамках праверкі боегатоўнасці, якую ён праводзіць у абыход Генштаба.
Марш-кідок на сотні кіламетраў прайшоў 11 лютага, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА.
Адзначаецца што віцебскія дэсантнікі пераадолелі больш за 360 км, засяродзіліся ў вызначаным раёне, занялі апорны пункт, даабсталявалі яго ў інжынерным дачыненні, арганізавалі ахову. Сярод іх найважнейшых задач называюць узмацненне мяжы на поўдні Беларусі.
Сярод іншага ў рамках вучэнняў вайскоўцы адбівалі начную атаку праз мяжу ўмоўнага праціўніка з выкарыстаннем бронетэхнікі і дронаў.
Праверка войскаў па даручэнні Лукашэнкі пачалася 16 студзеня. Зранку 23 студзеня па трывозе падымалі мехбрыгаду на Віцебшчыне, потым праверка дайшла да іншых падраздзяленняў.