Палітвязняў у калоніі прымушалі шыць форму для вайскоўцаў

Арцём Караткевіч

Арцём Караткевіч / "Вясна"

У івацэвіцкай калоніі палітвязняў прымушалі шыць форму для ваенных, пішуць праваабаронцы "Вясны" са спасылкай на былога палітвязня Арцёма Караткевіча, асуджанага за адміністраванне дваровага чату. Апроч формы вязні шылі спальныя мяшкі, а ў сталярным цэху выраблялі драўляныя скрыні для боепрыпасаў.

Паводле словаў Караткевіча, у івацэвіцкай калоніі да палітвязняў заўсёды ставіліся перадузята, таму яны намагаліся пазбягаць сустрэчаў з супрацоўнікамі.

"Лепей дзесьці схавацца, пайсці ў пакой для прагляду тэлебачання. Таму падчас праверак я або ішоў у пакой або выходзіў на вуліцу і шпацыраваў па ўчастку", — успамінае палітвязень.

Суд палічыў Арцёма вінаватым у стварэнні "экстрэмісцкага фармавання" і на 4 гады накіраваў у калонію. Маладога чалавека прымусілі падпісаць прашэнне аб памілаванні пагражаючы новым тэрмінам і пераследам сваякоў. Хлопца вызвалілі ў студзені 2025 года, пасля чаго ён з’ехаў з краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.