Паветраны шар з беларускай кантрабандай выявілі ва Украіне
Аэрастат з кантрабанднымі цыгарэтамі / facebook.com/zahidnuy.kordon
У Валынскай вобласці Украіны выявілі паветраны шар з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі.
Як паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны, аэрастат знайшлі недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы ў Шацкім раёне. На думку памежнікаў, цыгарэты планавалі пераправіць у краіны ЕС.
Пакунак быў абгорнуты ў чорную поліэтыленавую плёнку. У ім было 1500 пачкаў цыгарэт маркі "Мінск" з беларускімі акцызнымі маркамі. Таксама груз быў аснашчаны дзвюма прыладамі GPS: адна з SIM-карткай ад беларускага аператара сувязі, другая — з SIM-карткай ад польскага аператара.
Прыблізна кошт знойдзеных цыгарэт ацанілі ў 90 тысяч грыўняў (крыху больш за 2 тысячы долараў).
Раней такія аэрастаты інтэнсіўна запускалі на беларуска-літоўскай мяжы. Апошнім часам таксама з'яўляліся звесткі пра паветраныя шары, выяўленыя каля мяжы ў Латвіі ды Польшчы.