HBO назваў прыкладную дату выхаду серыяла па "Гары Потару"
"Гары Потар" ад HBO / HBO
Першы сезон серыяла "Гары Потар" выйдзе "на пачатку 2027 года", пра гэта выданню Deadline паведаміў Кейсі Блойс, генеральны дырэктар HBO. На працягу апошняга года, пакуль пісалі сцэнар, падбіраўся акцёрскі склад і запускалася вытворчасць, датай прэм’еры значыўся 2027 год. Цяпер тэрміны сталі вядомыя дакладней.
— Калі звузіць кола, я б сказаў, што гэта пачатак 2027 года. І цяпер вы спытаеце, ці азначае гэта студзень, люты, сакавік, красавік. Але на гэта мы пакуль не гатовыя адказаць. Я толькі скажу, што гэта пачатак 2027 года, — сказаў гендырэктар HBO.
Дамінік Маклафлін атрымаў ролю Гары Потара, Аластар Стаут — Рона Уізлі, а Арабела Стэнтан — Гэрміёны Грэйнджэр. Таксама ў шоу здымаюцца Паапа Эссьеду, Джон Літгоу і Джанет Макцір.
Шоўраннерам серыяла стала Франчэска Гардынер, вядомая па працы над серыялам "Нашчадкі". Кожная з сямі кніг пра Гары Потара будзе паказаная ў асобным сезоне. Здымкі пачаліся летам 2025 года ў Вялікабрытаніі.
Джоан Роўлінг выступае ў якасці выканаўчага прадзюсера. Раней аўтар кніг падзялілася першымі ўражаннямі аб серыяле. "Я прачытала першыя дзве серыі будучага серыяла, і яны неверагодна добрыя", — напісала яна ў X.