Лýкаш Бáбка: Сучасныя тэхналогіі — не ворагі бібліятэк
Лукаш Бабка / Еўрарадыё
Лýкаш Бáбка — дырэктар Славянскай бібліятэкі ў Празе. Ён мае магчымасць хоць штодня гартаць арыгінал “Беларускай граматыкі” Тарашкевіча — і тут такіх рэдкіх экзэмпляраў багата. “Славянку” называюць самай беларускай бібліятэкай Чэхіі, яе беларускі фонд налічвае больш за 13 тысяч кніг.
Мы пагутарылі з Лукашам Бабкай пра гісторыю Славянскай бібліятэкі і яе беларускую гісторыю. А яшчэ — пра тое, чаму бібліятэкам не варта баяцца тэхналогій, і што рабіць, каб людзі чыталі.
Без арыгінала Скарыны, але з Ластоўскім і Тарашкевічам
Як узнікла Славянская бібліятэка, у чым яе ўнікальнасць?
Лýкаш Бáбка: Славянская бібліятэка ўзнікла ў 1924 годзе. З аднаго боку, яна была часткай праекта, які называўся Руская акцыя дапамогі, — гэта была ўрадавая дапамога расійскай, украінскай і беларускай эміграцыі ў міжваеннай Чэхаславаччыне. З іншага боку, значэнне Славянскай бібліятэкі было ў тым, каб стаць базай Славянскага інстытута. Славянскі інстытут быў навуковай арганізацыяй шырокага профілю, якая распачала сваю дзейнасць у 1928 годзе.
Наша Славянская бібліятэка мелася быць менавіта інфармацыйнай базай гэтага інстытута. Яе задачай быў збор матэрыялаў, якія тычацца славістыкі як навуковай галіны. Гэта значыць, яна збірала кнігі і перыёдыку, якія тычыліся гісторыі славянскіх народаў, мовазнаўства, гісторыі літаратуры, а таксама літаратуру асобных славянскіх народаў. Разам з тым бібліятэка збірала матэрыялы, якія апісвалі ўзаемныя стасункі славянскіх народаў і стасункі славянскай часткі свету з неславянскай. У 1958 годзе Славянская бібліятэка была ў шэрагу ўстаноў, якія аб’ядналіся, каб утварыць Дзяржаўную бібліятэку Чэхаславакіі — цяпер яна называецца Нацыянальнай бібліятэкай Чэшскай Рэспублікі.
Сёння Славянская бібліятэка — самастойная адзінка ў складзе Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі. Трэба падкрэсліць, што яна даступная для шырокай грамадскасці і яе паслугамі можа карыстацца кожны зарэгістраваны чытач Нацыянальнай бібліятэкі. Унікальна тое, што яна змяшчае прыблізна мільён кніг з тэматыкай славістыкі, славянскіх народаў, славянскіх дзяржаў, славянскіх этнасаў. У адрозненне ад бібліятэк агульнага профілю, Славянская бібліятэка служыць вывучэнню выключна славістыкі, у ёй працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты ў нацыянальных літаратурах славянскіх краін. Яшчэ адна асаблівасць у тым, што цягам ста гадоў свайго існавання Славянская бібліятэка назбірала нямала ўнікальных і спецыфічных калекцый, кампактных прыватных бібліятэк і іншай літаратуры, якая прыцягвае ўвагу міжнароднай супольнасці. Яе прадстаўнікі, натуральна, прыязджаюць да нас не для таго, каб азнаёміцца з сучаснай літаратурнай прадукцыяй, даступнай у шэрагу іншых бібліятэк. Замежныя даследчыкі прыязджаюць вывучаць перадусім гістарычна каштоўныя матэрыялы, зборы, якіх няма ў іншых бібліятэках.
Як беларусы звязаны са Славянскай бібліятэкай і з чаго, уласна, пачаўся беларускі фонд?
Лýкаш Бáбка: Беларускі фонд Славянскай бібліятэкі пачаў фарміравацца ў 1926 годзе. Ягоным адміністратарам і куратарам быў украінскі праваабаронца, эмігрант Аляксандр Гайманіўскі, які курыраваў беларускую калекцыю і ўкраінскі аддзел. Гайманіўскі апекаваўся гэтымі дзвюма калекцыямі практычна да канца другой Сусветнай вайны, калі савецкія органы бяспекі выкралі яго і перавезлі на тэрыторыю Савецкага Саюза, дзе ён на доўгія гады апынуўся ў турме.
У 1926 годзе Гайманіўскі ўсталёўваў кантакты з асноўнымі беларускімі бібліятэкамі і навуковымі інстытутамі, пачаўшы абмен публікцыямі, каб атрымаць іх у фонд Славянскай бібліятэкі. Ён аформіў падпіску на асноўныя пазіцыі навуковай перыёдыкі, найбуйнейшыя газеты, і пачаў будаваць беларускі фонд у адпаведнасці з планам пашырэння Славянскай бібліятэкі. План пашырэння — гэта норма, якая дзейнічае дагэтуль і вызначае, якія навуковыя галіны для Славянскай бібліятэкі прыярытэтныя і якія мы, наадварот, абыходзім увагай.
Што тычыцца цікавасці беларускай супольнасці, ці беларускай эміграцыі, то ў першыя гады існавання бібліятэкі яна, натуральна, была не надта высокай. Прычынай было тое, што фонд толькі пачаў фарміравацца, і таму першы час ён быў не надта багатым. Другая прычына ў тым, што ў Празе хоць і жыла эліта беларускай эміграцыі, але ў колькасных адносінах у Чэхаславакіі яна была значна меншай, чым, напрыклад, у Літве, дзе быў галоўны цэнтр жыцця беларускай дыяспары. У Празе жыло не больш за некалькі сотняў беларускіх эмігрантаў.
У нас няма спісаў карыстальнікаў Славянскай бібліятэкай, але ў мяне ёсць звесткі пра колькасць і нацыянальнасць карыстальнікаў за першыя гады яе існавання. Беларускіх даследчыкаў там не больш за некалькі дзясяткаў на год. У той жа час украінцаў было больш за тысячу, расіян — ад трох да пяці тысяч на год. Гэта непараўнальна больш. Але разам з тым трэба паўтарыць, што гэтыя лічбы суадносяцца з колькаснай прадстаўленасцю беларускай нацыянальнасці ў тагачаснай Чэхаславаччыне.
Ці меў дачыненне да Славянскай бібліятэкі Беларускі замежны архіў, які знік падчас Другой сусветнай вайны? У чым розніца паміж ім і беларускім фондам, звязаным з эміграцыяй, які захоўваецца ў бібліятэцы?
Лýкаш Бáбка: На прыкладзе Беларускага замежнага архіва можна праілюстраваць розніцу ў задачах асобных інстытуцый і іх дзейнасці. Славянская бібліятэка займалася славістыкай, то-бок навуковай дысцыплінай. Беларускі замежны архіў займаўся зборам матэрыялаў, якія тычацца беларускай дыяспары — як архіўнага характару, так і друкаваных дакументаў, кніг, часопісаў і газет. У гэтым кірунку дзейнасць архіва і Славянскай бібліятэкі ішла паралельна.
Беларускі замежны архіў узнік у 1928 годзе, фармальна як самастойная арганізацыя пад кіраўніцтвам Беларускай Рады, хоць на працягу ўсяго свайго існавання ён месціўся ў сценах Рускага замежнага гістарычнага архіва. Лёс Беларускага замежнага архіва быў даволі складаным. Яго заснавальнік Мікалай Вяршынін памёр у 1934 годзе, яго працу працягнуў яшчэ адзін чэхаславацкі беларус Тамаш Грыб, які, на жаль, памёр даволі маладым у 1938 годзе.
Далейшая гісторыя Беларускага замежнага архіва дакладна невядомая, але пэўна тое, што ў 1945 годзе ён быў збольшага перададзены ў Савецкі Саюз і паўтарыў лёс іншых архіўных інстытутаў, крыніц, якія існавалі на тэрыторыі Чэхаславакіі, у прыватнасці Рускага замежнага гістарычнага архіва і Украінскага гістарычнага кабінета.
Мы ведаем, што супрацоўнікі архіва сабралі каля 11 тысяч аркушаў архіўных дакументаў, каля 700 адзінак кніг і каля 220 найменняў перыёдыкі. Архіўная частка была, несумненна, перададзена ў Савецкі Саюз, як і архіўныя калекцыі дзвюх іншых названых арганізацый. Тым не менш, кнігі і перыёдыка засталіся ў Празе і былі, як і расійскія і ўкраінскія, перададзены Славянскай бібліятэцы. Тым самым фонд Славянскай бібліятэкі быў значна ўзбагачаны за кошт эмігранцкіх выданняў. Дзякуючы гэтаму Славянская бібліятэка належыць да найважнейшых бібліятэк, якія захоўваюць выдавецкую дзейнасць расійскай, беларускай і ўкраінскай эміграцыі па ўсім свеце ў міжваенны перыяд.
Важна яшчэ згадаць, што ў Празе засталася невялікая частка дакументаў, звязаных з дзейнасцю Беларускага замежнага архіва. Гэта невялікая калекцыя матэрыялаў, у якіх апісваецца існаванне і дзейнасць гэтай арганізацыі. Дзякуючы вывучэнню гэтай калекцыі магчыма да пэўнай ступені апісаць дзейнасць архіва: якія асобы былі з ім звязаны і як ён развіваўся.
Якія яшчэ творы, дакументы, звязаныя з беларускай дзяржаўнасцю, мовай, дыяспарай, ёсць у бібліятэцы? Чым вы асабліва ганарыцеся?
Лýкаш Бáбка: Самыя каштоўныя часткі беларускага фонду можна падзяліць на некалькі самастойных раздзелаў. Першы з іх — дакументы, выдадзеныя на тэрыторыі Расіі, звязаныя з самавызначэннем беларускага народа, якія выходзілі ў канцы XIX стагоддзя. Сярод гэтых матэрыялаў, напрыклад, “Словарь белорусского наречия” Івана Насовіча 1870 года.
Другую спецыфічную частку складаюць кнігі і перыёдыка з часоў вяршыні нацыянальнага адраджэння Беларусі, першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Тады на тэрыторыі Расійскай імперыі ўжо было часткова дазволена выдаваць сёе-тое па-беларуску, але беларуская нацыя развівалася перадусім на тэрыторыі сённяшняй Літвы. Як прыклад гэтай часткі калекцыі можна згадаць першую легальна выдаваную беларускую газету “Наша ніва”, якая выходзіла ў Вільні ў 1906–1914 гадах. Яшчэ адзін каштоўны прыклад — кніга Вацлава Ластоўскага, прысвечаная беларускай гісторыі. Трэцяя кніга — першая граматыка сучаснай беларускай мовы мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча — “Беларуская граматыка для школ” 1918 года. Цікавым і важным для Беларусі я лічу перыяд існавання Інстытута беларускай культуры, які дзейнічаў у Мінску ў 1922–1928 гадах. У нашым фондзе дзейнасць гэтай інстытуцыі, якая ўсур’ёз займалася падтрымкай беларускай нацыянальнай ідэі, прадстаўлена амаль 70 выданнямі пераважна на беларускай мове.
Чацвёртая спецыфічная частка нашай калекцыі — гэта ўжо згаданыя выданні беларускай дыяспары міжваеннага перыяду.
Прага цесна звязана з імем Францыска Скарыны. Кніг, выдадзеных беларускім першадрукаром падчас яго жыцця ў Празе, у Славянскай бібліятэцы няма, але ёсць творы пазнейшага перыяду. Як яны патрапілі ў калекцыю?
Лýкаш Бáбка: Вы маеце рацыю. У Славянскай бібліятэцы няма ніводнага арыгінала выданняў Францішка Скарыны, як і ва ўсёй Нацыянальнай бібліятэцы. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі ёсць толькі некалькі ўрыўкаў “Бібліі” Скарыны, няпоўны асобнік захоўваецца ў бібліятэцы Нацыянальнага музея. У той жа час у нашым фондзе ёсць некалькі сотняў больш новых выданняў, публікацый, якія апісваюць дзейнасць і жыццё Францішка Скарыны і датуюцца пачынаючы з ХVII стагоддзя і да сённяшняга дня. Мы атрымалі іх у свой фонд гэтак жа, як і большасць сваіх кніг — шляхам пакупкі, абмену з беларускімі бібліятэкамі ці як падарунак ад людзей, якія прыязджалі ў Прагу ці мелі жаданне падарыць нам свае бібліятэкі. Гэта калекцыя сапраўды вельмі багатая.
Феномен Францішка Скарыны ў Беларусі параўнальны, на мой погляд, з феноменам ключавых расійскіх аўтараў — напрыклад, Аляксандра Пушкіна. У нашым фондзе ёсць шэраг энцыклапедый, слоўнікаў, даследаванняў, разнастайных літаратурных апрацовак біяграфіі Францішка Скарыны і яго літаратурнай творчасці. Тут можна згадаць 20-томнае выданне друкаваных тэкстаў, якое называецца “Кніжная спадчына Францішка Скарыны”. Яго выдала Нацыянальная бібліятэка Беларусі, а мы атрымалі яго ў рамках узаемаабмену.
А яшчэ я б хацеў згадаць адну з апошніх публікацый — манаграфію Іллі Лямешкіна, які апісаў жыццё і творчасць Скарыны. Гэтае выданне з прычыны свежых, але не прыманых уладай, дзяржавай, поглядаў аўтара было забаронена ў Беларусі і выключана з усіх бібліятэк.
Самае каштоўнае выданне Славянскай бібліятэкі, звязанае з Францішкам Скарынам, — гэта рукапісная копія ягонага “Апостала”, выдадзенага ў 1525 годзе ў Вільні. У другой палове ХVI стагоддзя на тэрыторыі Валыні хтосьці перапісаў усю гэтую кнігу, надаў ёй кніжны выгляд, і ў канцы ХХ стагоддзя Славянская бібліятэка набыла гэтую кнігу ў сваю калекцыю. Яна ўяўляе сабой надзвычай каштоўны матэрыял для даследавання спадчыны Скарыны ў тым ліку таму, што змяшчае шэраг прыпісак і зацемак стваральніка рукапіснай копіі, што дазваляе весці далейшы пошук інтэрпрэтацый твораў Скарыны.
Як жыла Славянская бібліятэка падчас сацыялізму? Ці часта спецслужбісты звярталіся да эмігранцкіх архіваў? Наколькі запатрабавана яе калекцыя была ў чытачоў?
Лýкаш Бáбка: Эпоху сацыялізму ў гісторыі Славянскай бібліятэкі можна падзяліць на два асноўныя перыяды. Першы — з 1948 да 1958 года. У гэты час бібліятэка ўспрымалася як афіцыйная і прапагандысцкая ўстанова з упорам перадусім на развіццё чэхаславацка-савецкіх стасункаў. Перавага аддавалася набыццю рускамоўнай літаратуры, якая тычылася самых разнастайных сфер, не толькі славістыкі. У фонд траплялі матэрыялы з галіны сельскай гаспадаркі, інжынерыі, тэхнічных дасягненняў СССР.
Пералом адбыўся ў 1956–1958 гадах. Тады бібліятэкай пачаў загадваць Ёзэф Стырнадэл, якому ўдалося развярнуць развіццё Славянскай бібліятэкі ў кірунку навуковай славістыкі. Адгэтуль і да канца камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі Славянская бібліятэка зноў выконвала ролю спецыялізаванай навуковай славістычнай бібліятэкі, але, вядома, з улікам таго, што афіцыйна найбольш падтрымлівалася ўсходнееўрапейская галіна навуковых даследаванняў, і перадусім русістыка. Пра гэта сведчаць фотаздымкі поўнай чытальнай залы Славянскай бібліятэкі, дзе большасць чытачоў займалася русістыкай, якая мела афіцыйную падтрымку.
Тым не менш, аддзел папаўнення фондаў стараўся дзейнічаць незалежна, збіраць матэрыялы з усіх навуковых дысцыплін, ключавых для бібліятэкі. Наколькі мне вядома, супрацоўнікі органаў бяспекі не цікавіліся Славянскай бібліятэкай і яе фондам, бо, па іх меркаванні, у нашых калекцыях нічога цікавага не было. Усе архіўныя матэрыялы, дакументы актуальных спраў, якія фіксавалі жыццё і дзейнасць эмігрантаў, былі перавезены ў СССР. У нас засталіся толькі кнігі і перыёдыка, і ў іх не было чаго вывучаць з пункту гледжання магчымага пераследу ці нейкага крымінальнага следства датычна эмігрантаў ці кагосьці, хто б цікавіў органы бяспекі.
З іншага боку, сёння вядома, што пэўныя часткі фонду былі закрыты для карыстальнікаў, частка картак з картатэкі была вынята, а кнігі перавезены ў спецыяльныя сховішчы, у адмысловыя запаснікі. Карыстальнікі таксама афіцыйна не мелі доступу да ўсяго фонду расійскай, беларускай і ўкраінскай тэматыкі, сабранага Рускім замежным гістарычным архівам. Сёння вядома, што патрапіць туды было ў прынцыпе магчыма, але толькі неафіцыйным шляхам і дзякуючы асабістым кантактам з супрацоўнікамі бібліятэкі. Калегі згадваюць, з якой радасцю ўсе гэтыя кнігі пасля 1989 года, пасля аксамітнай рэвалюцыі, вярталіся назад у фонд Славянскай бібліятэкі, з якой радасцю яны адкрывалі гэтыя калекцыі і якім попытам яны карысталіся, перадусім з боку замежных даследчыкаў, якія пасля 1989 года пачалі масава з’язджацца ў Прагу.
Каля 20 тысяч беларускіх кніг і выданняў
Як сёння выглядае папаўненне бібліятэкі беларускай літаратурай і перыёдыкай? У свой час вы наўпрост працавалі з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і бібліятэкай НАН, набывалі газету “Звязда”, якая цяпер служыць рупарам лукашэнкаўскай прапаганды. Ці змянілася праца з Беларуссю пасля падзей 2020 года?
Лýкаш Бáбка: Папаўненне фонду беларускай літаратуры можна падзяліць на дзве самастойныя галіны. Першая з іх — набыццё літаратуры, якая выдавалася на тэрыторыі Беларусі. Вы згадваеце газету “Звязда”, якая з’яўляецца прыкладам таго, што трапляла ў фонд Славянскай бібліятэкі раней. Газету “Звязда” мы больш не набываем, але з пункту гледжання нейтральнай арыентацыі Славянскай бібліятэкі чытанне гэтай газеты давала магчымасць азнаёміцца з афіцыйным поглядам беларускіх улад на развіццё Беларусі і ўсяго свету. На сённяшні дзень мы падтрымліваем узаемаабмен публікацыямі з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і з бібліятэкай Акадэміі навук. Гэтыя дзве ўстановы дазваляюць нам збіраць дакументы, якія выдаюцца на тэрыторыі Беларусі.
З улікам абмежавання беларускага кніжнага рынку такія стасункі дазваляюць нам атрымліваць разнастайныя бібліяграфіі, слоўнікі, працы, якія выдаюць бібліятэкі, акадэмічныя інстытуты, дазваляюць нам сачыць за выхадам зборнікаў па асобных навуковых дысцыплінах, якія нас цікавяць. Дзякуючы абмену мы таксама атрымліваем навуковыя часопісы, якія выходзяць у Беларусі, напрыклад, “Беларуская лінгвістыка”, “Полымя” і іншыя.
Другая частка, другая крыніца атрымання беларускай літаратуры — гэта публікацыі, якія выходзяць у замежжы. Гэтая частка для нас з’яўляецца ключавой, таму што ў ёй сканцэнтравана эліта, поспехі беларускай навукі, культуры і літаратуры, а таксама яна выкарыстоўвае беларускую мову як мову публікацый. Гэта феномен, які ў самой Беларусі моцна занепадае. Сёння ў Беларусі вялікая праблема знайсці кнігу, напісаную па-беларуску. А беларускі эмігранцкі кніжны рынак, наадварот, дае магчымасць атрымліваць рэлевантныя, праўдзівыя матэрыялы, якія тычацца беларускай гісторыі, літаратуры, мовы і культуры.
Беларускі кніжны рынак у замежжы з вядомых прычын знаходзіцца ў даволі цяжкіх умовах, ён досыць неаднародны. Нягледзячы на гэтыя складанасці, нам удалося наладзіць супрацу з большасцю істотных беларускіх эмігранцкіх выдавецтваў, такіх як “Янушкевіч”, “Скарына”, “Камунікат”, “Логвінаў” і іншымі. Тут нам дапамагаюць перыядычныя кніжныя кірмашы, якія арганізуюцца з мэтай прасоўвання беларускай літаратуры за межамі Беларусі. Напрыклад, увосень у Празе прайшоў спачатку Дзень беларускай кнігі, а потым і літаратурны фестываль “Прадмова”, які ладзіцца ў розных гарадах Еўропы.
Навуковую літаратуру мы атрымліваем дзякуючы супрацы з кафедрамі беларусістыкі (напрыклад, у Варшаўскім універсітэце), а таксама з некалькімі навуковымі інстытутамі (напрыклад, у Беластоку). У нас ёсць кантакты з Бібліятэкай Францішка Скарыны ў Лондане. З усіх гэтых устаноў мы атрымліваем іх публікацыі. Традыцыйны партнёр Славянскай бібліятэкі — беларуская рэдакцыя Радыё “Свабода”. Дзякуючы іх вялікадушнасці ў нашым фондзе ёсць практычна поўны збор кніжнай серыі, прысвечанай Беларусі. Апошнім прыкладам можа паслужыць амаль поўная калекцыя зборнікаў “Запісы”, якія з 1952 года выдае Беларускі інстытут навукі і мастацтва — найперш у Нью-Ёрку і іншых гарадах. Папаўненне фонду не толькі беларускай, але ўсіх нацыянальных літаратур звязана і з арганізацыйнай дзейнасцю, якой Славянская бібліятэка час ад часу займаецца. У выпадку Беларусі я б перадусім хацеў згадаць міжнародную канферэнцыю, якая ў 2023 годзе прайшла ў Празе і якая была прымеркавана да стагоддзя пераезду ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Прагу.
Акрамя міжнароднай канферэнцыі, мы ў супрацы з Беларускім інстытутам у Празе арганізавалі выставу і выдалі кнігу, прысвечаную гэтай тэме. Я згадваю пра гэта перадусім таму, што ўдзельнікі ўсіх гэтых канферэнцый прыязджаюць у Прагу, а прыязджаючы, яны прывозяць свае кнігі, якія пасля становяцца часткай фонду Славянскай бібліятэкі, таму што аўтары велікадушна перадаюць нам іх у якасці падарунка. Дзякуючы ўсім гэтым крыніцам за год наш фонд разрастаецца прыблізна на 150 найменняў беларускіх ці беларусістычных кніг, апрача гэтага мы атрымліваем каля 20 найменняў перыёдыкі.
А колькі ўвогуле беларускіх выданняў і перыёдыкі ў фондзе?
Лýкаш Бáбка: Сам беларускі фонд, беларускае аддзяленне змяшчае больш за 13 тысяч адзінак кніг, але кнігі з беларускай тэматыкай ёсць і ў іншых аддзяленнях, таму агульная колькасць можа быць каля 20 тысяч кніг — але гэта вельмі прыблізны падлік.
Выміранне не пагражае
Як вы выбіраеце кантэнт, які абавязкова мусіць быць прадстаўлены ў Славянскай бібліятэцы? І як увогуле ацэньваеце беларускі кніжны рынак?
Лýкаш Бáбка: Як мы выбіраем кнігі ў фонд Славянскай бібліятэкі? Гэты адбор вызначаецца нашым профілем. Славянская бібліятэка змяшчае перадусім літаратуру па гісторыі, літаратуразнаўстве, мовазнаўстве, культуралогіі, палітыцы, царкоўнай тэматыцы, этнаграфіі. Гэтымі дысцыплінамі абмежаваны выбар літаратуры ў фонд Славянскай бібліятэкі. Акрамя гэтага, як я ўжо казаў, мы збіраем асноўныя літаратурныя творы празаікаў і паэтаў славянскіх народаў такім чынам, каб літаратурная творчасць краін была дастаткова шырока прадстаўлена.
Што тычыцца беларускай літаратуры, мы, натуральна, сутыкаемся з перашкодамі: што выходзіць у Беларусі і якім чынам трэба характарызаваць беларускі кніжны рынак. Ён здэфармаваны ў выніку таго, што адбываецца ў Беларусі. Беларуская мова ў выдавецкай справе маргіналізуецца. Калі выходзяць кнігі, то гэта палітычна нейтральныя публікацыі, цэнзураваныя кнігі, якія адпавядаюць афіцыйнай догме беларускай улады і дзяржавы.
Тым не менш, на мой погляд, Славянскай бібліятэцы варта ў пэўным аб’ёме набываць і такую ідэалагічна здэфармаваную літаратуру, каб прапаноўваць сваім чытачам увесь спектр поглядаў на асобныя пытанні. Гэта значыць, што нам, напрыклад, варта знаёміцца з інтэрпрэтацыяй беларускай гісторыі, гісторыі Беларусі ў межах СССР як з пункту гледжання беларускага кніжнага рынку, так і з пункту гледжання беларускай дыяспары, а таксама на аснове даследаванняў заходніх гісторыкаў, якія вывучаюць гэтую тэму.
Ці часта цяпер беларусы прыходзяць пасядзець у архівах Славянскай бібліятэкі?
Лýкаш Бáбка: Беларускія даследчыкі не належаць да ліку самых частых наведвальнікаў бібліятэкі.
Раней, каля 5–10 гадоў таму, сітуацыя была лепшай, таму што да нас прыязджалі даследчыкі з Беларусі. Сёння яны амаль зусім не прыязджаюць.
Тым не менш, ёсць шэраг чэшскіх і замежных даследчыкаў, якія рэгулярна наведваюць Славянскую бібліятэку і вывучаюць свае тэмы, карыстаючыся багаццем нашага фонду. Гэтая сітуацыя цалкам лагічная, бо беларускі фонд далёка не такі вялікі, як, напрыклад, польскі, украінскі і іншыя. Але я мяркую, што колькасць даследчыкаў — не адзіны важны паказчык. Істотна тое, якімі тэмамі яны займаюцца і наколькі грунтоўна. У гэтым сэнсе Беларусі, на мой погляд, няма чаго саромецца.
У час тэхналогій і інтэрнэту якая місія ў бібліятэк? Пасля таго як людзі атрымалі магчымасць здабываць інфармацыю анлайн, ці стала ў бібліятэцы менш чытачоў?
Лýкаш Бáбка: Шмат гадоў таму, 10–15 гадоў таму, панавала меркаванне, што сучасная вылічальная тэхніка і інфармацыйныя тэхналогіі прынясуць хуткае выміранне бібліятэк.
Гэтага дасюль не здарылася, і я думаю, што бібліятэкам выміранне на блізкім і нават сярэднім па далёкасці гарызонце не пагражае.
Трэба сказаць, што алічбоўка вельмі спрашчае доступ да дакументаў, і дзякуючы гэтаму даследчыкам няма рэзону хадзіць у бібліятэкі. Але вольны доступ да цэлага шэрагу дакументаў абмежаваны аўтарскімі правамі, якія змушаюць чытачоў прыходзіць у залы бібліятэкі і тут вывучаць свой прадмет на камп’ютары. З іншага боку, увесь змест алічбаваных дакументаў, гэтак жа як і стварэнне электронных баз даных, электронных каталогаў, адкрывае чытачам дагэтуль невядомыя тэмы, невядомыя выданні, аўтараў, якія да сёння былі ў забыцці ці невядомасці. Таму я асабіста не ўспрымаю сучасныя тэхналогіі як ворага бібліятэк, а, наадварот, бачу ў іх падтрымку і сябра, які дапамагае нашым чытачам лепш арыентавацца ў фондзе, эфектыўней адшукваць патрэбную інфармацыю і перадусім адкрываць новыя тэмы, новыя выклікі для далейшай працы.
Некалькі гадоў таму вяліся размовы пра тое, што ў хуткім часе друкаваная кніга знікне і яе заменіць электронная кніга. Гэтага не адбылося, чэшскі кніжні рынак нічога такога не заўважае, і нічога не паказвае на тое, каб друкаваная кніга магла быць цалкам заменена электроннай. У выпадку часопісаў гэта збольшага адбылося. Спецыялізаваныя часопісы па большай частцы перайшлі ў электронны фармат, але выданне манаграфій, энцыклапедый і слоўнікаў па-ранейшаму застаецца пытаннем друку. Таму я асабіста не апасаюся вылічальных тэхналогій і не бачу нашу будучыню ў цёмных колерах.
Па вашых назіраннях, чэхі сталі чытаць больш ці менш?
Лýкаш Бáбка: У Чэхіі чытанне традыцыйна вельмі распаўсюджана. Калі арыентавацца на статыстыку выдадзеных публікацый, кніг, то яны трымаюць лінію каля 16 тысяч найменняў у год, калі я не памыляюся. Такім чынам, выглядае, што чэхі сапраўды любяць чытаць.
З іншага боку, названая колькасць уключае самыя розныя нелітаратурныя тэксты, такія як кулінарныя кнігі, календары і іншыя матэрыялы, якія не маюць нічога агульнага з класічным разуменнем літаратуры. Агулам можна сказаць, што чэхі па-ранейшаму чытаюць шмат, але ў выпадку маладога пакалення я асабіста бачу зніжэнне цікавасці да літаратуры як прадмета грамадскага інтарэсу.
А што з гэтым рабіць? Як заахвоціць маладое пакаленне чытаць кнігі?
Лýкаш Бáбка: Мяркую, што канкрэтны патэнцыйны чытач павінен перадусім знайсці шлях да чытання, знайсці тэму ці аўтара, які яго захопіць. Нельга сказаць, каб у нашай сям’і чытанне не падтрымлівалася, тым не менш мы з жонкай тут не дасягнулі вялікага поспеху. І толькі калі нашы дзеці самастойна адкрываюць для сябе нейкага аўтара, які іх цікавіць, яны могуць прачытаць кнігу, знайсці наступную і гэткім чынам развіваць сваю зацікаўленасць.
У Чэхіі праходзяць розныя грамадскія кампаніі па падтрымцы чытання — разнастайныя кніжныя кірмашы і фестывалі, якія стымулююць да чытання як дарослых, так і дзяцей. Тым не менш я думаю, што ключавой тут застаецца асабістая зацікаўленасць кожнага чытача ў тым, каб знайсці свайго аўтара і атрымаць асалоду ад гартання кнігі ці ад чытання на электронных прыладах — і такім чынам знаёміцца з літаратурай.