Стала вядома, чым аргументуюць забарону абортаў у прыватных клініках
Аборт, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Стала вядома, якія аргументы падрыхтавалі ў Міністэрстве аховы здароўя для забароны абортаў у прыватных медцэнтрах.
Пра падрыхтоўку такой забароны стала вядома на пачатку 2026 года. Новыя нормы ўжо ўнесеныя ў праект Кодэкса аб ахове здароўя.
Тг-канал "Культурная спадчына. Беларусь" публікуе афіцыйны ліст за подпісам дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру "Маці і дзіця" С. Васільева. У дакуменце прыводзяцца аргументы, падрыхтаваныя дзяржаўнымі структурамі.
У ім акцэнтуецца ўвага на тым, што ў недзяржаўных медцэнтрах для пацыентаў нібыта больш рызыкі, чым у дзяржаўных:
"У недзяржаўных установах можа быць аслаблены кантроль за:
— строгім выкананнем стандартаў правядзення дадзенай працэдуры;
— паўнавартасным прадабортным кансультаваннем, якое ўключае інфармаванне пра ўсе альтэрнатывы, магчымыя наступствы і праграмы сацыяльнай падтрымкі;
— неабходнымі ўмовамі для неадкладнага аказання экстранай медыцынскай дапамогі ў выпадку ўскладненняў (напрыклад, маткавага крывацёку), што патрабуе наяўнасці круглагадзіннага (напэўна, кругласутачнага. — Еўрарадыё.) хірургічнага аддзялення".
Затое медабслугоўванне ў дзяржаўных клініках С. Васільеў хваліць як максімальна бяспечнае і падкрэслівае, што дактары ў такіх клініках не маюць "камерцыйнай зацікаўленасці ў выніку прыняцця рашэння":
"Правядзенне штучнага перапынення цяжарнасці выключна ў дзяржаўных арганізацыях аховы забяспечыць:
1. Аб'ектыўнасць і паўнату прадабортнага кансультавання. Кансультацыі будуць праводзіцца па адзіным стандарце, без камерцыйнай зацікаўленасці ў выніку прыняцця рашэння, што дазволіць жанчыне прыняць інфармаваны і ўзважаны выбар.
2. Максімальную бяспеку працэдуры. Дзяржаўныя цэнтры абсталяваныя ўсім неабходным для правядзення складаных умяшанняў і неадкладнага рэагавання на любыя ўскладненні. Кваліфікацыя персаналу пацвярджаецца і пастаянна павышаецца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі.
3. Цэнтралізаваны дзяржаўны кантроль і адказнасць. Гэта дазволіць манітарыраваць якасць паслугі, аналізаваць статыстыку, улічваць кожны выпадак і своечасова ўдасканальваць працэдуры, што немагчыма пры рассейванай сістэме.
4. Кансалідацыю рэсурсаў. Напрамленне патоку на ўсталяваныя дзяржаўныя цэнтры дазволіць засяродзіць фінансаванне, абсталяванне і спецыялістаў, ствараючы медыцынскія ўстановы найвышэйшага тэхналагічнага ўзроўню, а не рассейваць магчымасці паміж рознымі ўстановамі".
Пра тое, да якіх наступстваў можа прывесці такая забарона, у эфіры Еўрарадыё расказваў доктар-гінеколаг Станіслаў Салавей.