Высокапастаўлены французскі дыпламат прылятаў у Мінск — МЗС

Французскі сцяг, ілюстрацыйнае фота

Французскі сцяг, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Беларусь з візітам прылятаў дырэктар дэпартамента кантынентальнай Еўропы галоўнага Дэпартамента па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі МЗС Францыі Брыс Ракфёй. Яго візіт адбыўся 5-6 лютага па запрашэнні беларускага боку, паведаміла МЗС Беларусі.

Інфармацыя пра візіт французскага дыпламата спярша з'явілася ў выданні Le Monde. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў, каментуючы публікацыю, заявіў, што такія візіты не з'яўляюцца нечым незвычайным. Таксама ён паведаміў, што беларускі бок "падтрымлівае рэгулярныя працоўныя кантакты як з Францыяй, так і з іншымі заходнімі дзяржавамі". Прычым дыялог як па двухбаковых каналах, так і на палях шматбаковых мерапрыемстваў часта носіць канфідэнцыйны характар.

Французскі дыпламат, паводле Варанкова, правёў у Мінску перамовы з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Ігарам Сякрэтам, а таксама "кансультацыі з прадстаўнікамі беларускай экспертна-аналітычнай супольнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.