За "палітыку" пасадзілі першага сакратара амбасады Беларусі ў ЗША
Дзмітрый Ільюхін / фота з яго акаўнту ў Інстаграме
Па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" асудзілі былога першага сакратара амбасады Беларусі ў ЗША Дзмітрыя Ільюхіна. Прысуд быў вынесены Мінскім гарадскім судом і набыў моц у снежні 2025-га.
Як піша "Наша Ніва", Ільюхіна затрымалі каля года таму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў калоніі. Дома яго чакаюць жонка і маленькае дзіця.
Дзмітрый Ільюхін — ураджэнец Наваполацка. Яму 35 гадоў. Кар'еру ў МЗС пачаў у 2012-м. Ён працаваў аташэ ў консульскім упраўленні, потым амаль тры гады быў трэцім сакратаром у амбасадзе Беларусі ў Егіпце. Вярнуўшыся ў Мінск, стаў першым сакратаром ва ўпраўленні Еўропы і Паўночнай Амерыкі. А ў 2019 годзе адправіўся ў Канаду на пасаду першага сакратара.
Падчас выбараў 2020 года Ільюхін быў чальцом выбарчай камісіі ў Атаве. Згодна з афіцыйным пратаколам, на яго ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская: яна атрымала 321 голас (91%) супраць 21 голаса (6%) у Лукашэнкі.
У жніўні 2021-га Ільюхін быў консулам у Нью-Ёрку, а затым — першым сакратаром беларускай амбасады ў Вашынгтоне. У красавіку 2022 года ён пакінуў дыпламатычную службу, пасля чаго працаваў у прадстаўніцтве Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа (IFRC) у Мінску. Яго праца прыпала на перыяд, калі IFRC прыпыніла членства БТЧК праз скандалы вакол кіраўніка арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова.