Чыноўнік Нацбанка заклікаў знізіць цэны на харчовыя тавары на Гродзеншчыне

Крама, ілюстрацыйнае фота

Крама, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Цэны на харчовыя тавары на Гродзеншчыне растуць больш шпаркімі тэмпамі, чым на нехарчовыя. Пра гэта першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Ягораў заявіў 27 лістапада ў Гродзенскім аблвыканкаме, выступаючы на падсумаванні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за тры кварталы 2025 года.

Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, чыноўнік асабліва падкрэсліў, што цэны "па шэрагу пазіцый" неабходна знізіць.

Таксама ён адзначыў, што некаторыя прадпрыемствы набралі вельмі шмат крэдытаў.

У студзені-верасні ў Гродзенскай вобласці зафіксавалі "больш нізкія тэмпы інвестыцыйнага крэдытавання ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі". На думку Ягорава, гэта можа сведчыць пра "недастатковы ўзровень інвестыцыйнай актыўнасці".

Паводле звестак Белстата, якія прааналізавала выданне "Позірк", на Гродзеншчыне за дзевяць месяцаў 2025 года быў адзначаны самы высокі па Беларусі рост цэн на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі (+8,45%). Далей ішлі Мінская вобласць (+8,08%), Брэсцкая (+8,01%), Магілёўская (+7,96%), Мінск (+7,53%), Віцебская вобласць (+7,37%), Гомельская (+7,14%).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.