Па выніках 2025 года золатавалютныя рэзервы ўдвая перавысілі прагнозны паказчык
Золата, ілюстрацыйнае фота
Па стане на 1 студзеня 2026 года золатавалютныя рэзервы Беларусі перавысілі 14,4 млрд долараў. За снежань 2025-га яны выраслі на 526,1 млн долараў, паведамляе Нацбанк.
Асноўным фактарам росту ЗВР у снежні стала павелічэнне рэзервовых актываў у замежнай валюце. Яны выраслі на 296,9 млн долараў — да 5,54 млрд долараў.
Як і ў папярэднія месяцы, на рост ЗВР паўплываў кошт манетарнага золата: за месяц ён павялічыўся на 214,2 млн долараў — да 7,47 млрд долараў. Кошт СДР вырас на 15 млн долараў — да 1,41 млрд долараў. Рэзервовая пазіцыя ў МВФ ды іншыя актывы засталіся без зменаў — 0,03 і 0,1 млн долараў.
Агулам за 2025 год ЗВР Беларусі выраслі на 5,5 млрд долараў. Гэты рост быў забяспечаны найбольш за кошт манетарнага золата (2,95 млрд долараў). Таксама на яго паўплывалі спецыяльныя правы запазычання (рост на 66,9 млн долараў) і рэзервовыя актывы ў замежнай валюце (рост на 2,49 млрд долараў).
Мэтавы паказчык грашова-крэдытнай палітыкі, вызначаны ўрадам на 2025 год, складаў 7,1 млрд долараў. Атрымліваецца, што выніковы паказчык перавысіў яго ўдвая.
Па выніках 2026 года мяркуецца, што ЗВР павінны скласці не менш за 9,2 млрд долараў.