"Як дзед: ходзіць і за ўсімі выключае святло". Навошта Лукашэнка так эканоміць?

Адключэнне святла ў Беларусі / Pixabay.com

Адключэнне святла ў Беларусі / Pixabay.com / Pixabay.com

Аляксандр Лукашэнка даручыў выключаць святло раней увечары і ўключаць пазней раніцай. Беларусам такое рашэнне не спадабалася: "А навошта тады мы будавалі АЭС з таннай электраэнергіяй?"

Спыталі эканамічнага аглядальніка Андрэя Махоўскага, у чым сэнс мерапрыемства, якое задумаў Лукашэнка.

 

"Тут няма эканоміі і наогул якіх-небудзь блізкіх да эканамічных матываў"

У 2018 годзе Мінск расходаваў на вулічнае асвятленне паўадсотка ад свайго энергаспажывання, а па ўсёй астатняй краіне спажыванне на гэтыя патрэбы яшчэ меншае, адзначае эксперт.

— Акрамя ўсяго іншага, ёсць прамысловае спажыванне энергіі. Напрыклад, які-небудзь беларускі металургічны камбінат — вельмі энергаёмістае прадпрыемства. Таму ў Жлобіне будзе гіганцкая розніца паміж расходам на асвятленне і ўсім астатнім энергаспажываннем.

І калі мы выключаем святло, як яны зрабілі, на дадатковыя 2 гадзіны ў дзень, то эканомім па ўсёй краіне значна менш за 0,1% ад спажывання ўсёй электраэнергіі. Гэта значыць не працэнт, а менш за 0,1%! Калі мы спажываем 44 млрд кВт электраэнергіі, то эканомім прыкладна 40 млн кВт.

Гэта ўвогуле нічога, гэта проста зусім нічога. Калі б у нас здарылася аварыйная сітуацыя такога маштабу, што трэба было б эканоміць на такіх капейках, мы б гэтую аварыю адразу заўважылі.

Па словах Махоўскага, прадаваць зэканомленую электраэнергію таксама не мае сэнсу.

— Прадаваць у Расію і ратаваць Бранскую ці Белгародскую вобласць ад таго, што па іх б’юць украінцы? Дык у Бранскай вобласці энергаспажыванне большае за 4 млрд кВт, што ім гэтыя 44 млн?! У Белгародскай вобласці, па-мойму, увогуле 15 млрд кВт.

Эксперт кажа, што адключэнне электрычнасці цалкам бессэнсоўнае. Хутчэй за ўсё, гэта проста чарговая прыхамаць Лукашэнкі.

— Гэта называецца "ляйчына пад хвост папала". Ён як дзед, які ходзіць па хаце, бурчыць і за ўсімі выключае святло. І яму марна тлумачыць пра энергазберагальныя лямпы ці пра тое, што ты на хвілінку выйшаў сабе зрабіць гарбату. Гэта адзіная прычына, адзіны матыў, іншых няма. Абсалютна ніякай эканоміі ў маштабах краіны ад гэтага няма.

У пятніцу Лукашэнка спрабаваў расказаць, колькі можна зэканоміць, адключаючы святло на некалькі гадзін. Але на самай справе, упэўнены эксперт, усё гэта глупства.

— Тут няма эканоміі і наогул якіх-небудзь блізкіх да эканамічных матываў.

 

Тады чаму энергія дарагая?

Андрэй Махоўскі кажа, што атамная станцыя і асвятленне гарадоў — гэта зусім розныя рэчы.

— Так, калі будавалі атамную станцыю, нам абяцалі вельмі шмат таннай электраэнергіі, а электраэнергія пры гэтым даражэе.

“Как дед: ходит и за всеми выключает свет”. Зачем Лукашенко экономит освещение?
АЭС у Беларусі / ostr-jkh.lpy.by

Чаму даражэе? Таму што атамная электраэнергія аказалася даражэйшай за нашу звычайную электрычнасць, з-за таго, што станцыю будавалі за расійскі крэдыт, які трэба вяртаць. Адпаведна, сума вяртання крэдытаў уключаецца ў кошт тых кілават-гадзін, якія вырабляе атамная станцыя.

Так, электраэнергія павінна быць таннейшай, але такой не з'яўляецца.

Эксперт кажа, што ў тэорыі, калі-небудзь, калі крэдыты цалкам вернуць Расіі, электраэнергія можа стаць таннейшай, але гэта недакладна.

— То-бок у тэорыі, калі вернуць крэдыты, тады і электраэнергія перастане даражэць, як бы на паперы так. У тэорыі так.

Да таго ж усё гэта зусім не звязана з адключэннем святла. Ну якія эканамічныя прычыны для таго, каб павярнуць раку Прыпяць у адваротны бок? Дык абсалютна ніякіх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.