Імідж Беларусі перашкаджае развіваць IT-галіну — Мінэканомікі

Беларуская ІТ-галіна церпіць страты ад іміджу краіны

Беларуская ІТ-галіна церпіць страты ад іміджу краіны / pixabay.com

Асноўнымі драйверамі IT-галіны Беларусі з'яўляюцца спецыяльныя прававыя рэжымы і дзяржзаказ. А доступ на знешнія рынкі і развіццё нацыянальнага праграмнага забеспячэння па-ранейшаму стрымліваюцца. Да такой высновы прыйшлі эксперты навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Мінэканомікі.

У Беларусі, адзначаюць яны, стварылі толькі частку ўмоваў, неабходных для развіцця IT паводле сусветных стандартаў. Эксперты канстатуюць, што развіццю сферы дапамагаюць спецыяльныя рэжымы працы ў ПВТ і індустрыяльным парку "Вялікі Камень". IT-кампаніі, зарэгістраваныя там, маюць падатковыя ды іншыя прэферэнцыі, а таксама дзяржаўную падтрымку.

Аднак ёсць і шэраг праблем. Унутры краіны ў айчынных распрацоўшчыкаў абмежаваныя інструменты падтрымкі, а сама экасістэма нацыянальнага праграмнага забеспячэння застаецца няпоўнай. Напрыклад, у Беларусі дагэтуль няма паўнавартаснага маркетплейса айчыннага праграмнага забеспячэння, адзінага рэестра нацыянальных праграмных прадуктаў і сістэмы даверанага праграмнага забеспячэння.

Дзяржава ў асноўным падтрымлівае попыт на беларускія IT-рашэнні праз дзяржструктуры. Пры гэтым часта не патрабуецца, каб у распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння не было замежнага капіталу.

Стрымвальным фактарам на замежных рынках эксперты назвалі імідж Беларусі. "Асноўная прычына кіравання рынкам збыту — рэпутацыйныя рызыкі для замежных кампаній пры супрацоўніцтве з беларускімі рэзідэнтамі", — заяўляюць у НДЭІ.

Выхад на расійскі рынак праграмнага забеспячэння таксама стаў больш складаным у сувязі з новымі патрабаваннямі па сумяшчальнасці еўразійскага праграмнага забеспячэння з так званымі даверанымі аперацыйнымі сістэмамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.