Гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 6,8%
Грошы, ілюстрацыйнае фота
Інфляцыя ў Беларусі за 2025 год склала 6,8%. Такія звесткі паведамляе Белстат.
Між тым у прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2025 год улады прадугледжвалі, што гадавая інфляцыя не павінна быць вышэй за 5%.
Як паведамляе Белстат, у снежні месячная інфляцыя склала 0,3% — гэта на 0,1 адсоткавага пункта менш, чым у лістападзе. Пад канец года паказчык гадавой інфляцыі запаволіўся. Для параўнання: у лістападзе гадавая інфляцыя складала 7%.
Базавая інфляцыя, якая не ўлічвае змяненне цэн на сезонныя і рэгуляваныя тавары і паслугі, у снежні склала 0,4%, а за год — 7,3%.
Цэны на харчовыя тавары за снежань выраслі на 0,4%, нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,2%, а паслугі — на 0,3%.
За год прадукты харчавання сталі даражэйшымі на 9%, нехарчовыя тавары — на 0,3%, а цэны на паслугі павялічыліся на 8%.
Па выніках 2026 года інфляцыя, паводле прагнозу афіцыйнага Мінска, павінна скласці не больш за 7%.