Сродкі ад транзіту беларускіх угнаенняў Літва можа выдзяляць Украіне

"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота

"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота / Getty Images

Калі Літва пад ціскам будзе вымушаная аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў праз Клайпедскі порт, сродкі ад гэтага можна было б выкарыстаць для падтрымкі Украіны. Такую прапанову агучыў міністр абароны Літвы Робертас Каўнас.

"Клайпедскі порт з'яўляецца найбольш спрыяльным для экспарту, і тут мы вяртаемся да пытання пра 300 мільёнаў. Чаму б не накіраваць гэтыя 300 мільёнаў Украіне ў якасці дадатковых сродкаў? Такім чынам, мы як бы забіваем двух зайцоў адным стрэлам. Але пакуль гэта толькі інтэрпрэтацыя", прыводзіць LRT  словы міністра.

Транзіт калійных угнаенняў Літва прыпыніла з 1 лютага 2022 года, спасылаючыся на санкцыі ЗША супраць "Беларуськалія". На мінулым тыдні ЗША паабяцалі зняць санкцыі ў абмен на вызваленне больш за 100 палітвязняў з Беларусі.

Пры гэтым працягваюць дзейнічаць санкцыі ЕС супраць "Беларуськалія". Яны былі прынятыя 2 сакавіка 2022 года і штогод падаўжаюцца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.