Літва можа дазволіць транзіт беларускага калію — дарадца Наўседы

"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота

"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі ЗША не вялі перамовы з Літвой пра магчымае аднаўленне транзіту беларускага калію праз Клайпедскі порт. Але калі такія перамовы пачнуцца, дазвол на адмену санкцый Літва можа ўвязаць з дадатковай прысутнасцю амерыканскіх вайскоўцаў у краіне. Такое меркаванне выказаў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс.

"Гэта карэктныя паводзіны амерыканцаў: яны сапраўды не аказваюць на нас ціск з патрабаваннем рабіць дадатковыя крокі. Аднак калі калійныя ўгнаенні з Беларусі пачнуць паступаць у Амерыку, тады паўстане пытанне, якім маршрутам іх транспартаваць. Вось тут і з'явіцца цікавы момант",прыводзіць яго словы LRT.

Матулёніс прапанаваў не ідэалагізаваць пытанне транзіту беларускіх угнаенняў і кіравацца прагматычнымі інтарэсамі Літвы.

"Калі гэтыя ўгнаенні па сутнасці стануць амерыканскімі, будуць прызначаныя для рынку ЗША, то (...) мы павінны апынуцца ў полі амерыканскіх інтарэсаў, але не ісці насуперак амерыканцам", — растлумачыў ён.

Адміністрацыя Трампа адмяніла санкцыі ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў у абмен на вызваленне 123 зняволеных у Беларусі. Чакаецца, што ЕС увесну прыме пастанову аб падаўжэнні ўласных санкцый у дачыненні да ўгнаенняў. Літва забараніла транзіт беларускіх угнаенняў на пачатку 2022 года, спасылаючыся на санкцыі ЗША, а Еўрасаюз увёў санкцыі супраць іх пазней.

15 снежня кіраўнік МЗС Літвы заяўляў, што абмежаванні на транзіт дакладна застануцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.