"Гэта хутка перарасце ў канфлікт". Ці зламаюць ЗША ЕС праз беларускі калій?
Санкцыі працуюць, а Трамп наўрад ці захоча абвастраць канфлікт з Еўропай / Белкалий
— Санкцыі працуюць — і працуюць вельмі эфектыўна, — упэўнены дырэктар даследчых праграм Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас. — Менавіта таму Лукашэнка летам, а потым і цяпер зноў пайшоў на вызваленне значнай колькасці зняволеных, у тым ліку ключавых фігур пратэсту 2020 года.
Чаму гэта дыпламатычная перамога ЗША і параза Лукашэнкі і пры чым тут санкцыі Еўрапейскага саюза, эксперт распавёў у эфіры Еўрарадыё.
— Мы з вамі не адзін год казалі, што калі ён хоча хоць неяк змяніць адносіны з Захадам і сваё становішча ў еўрапейскай і сусветнай палітыцы, пачынаць яму давядзецца з вызвалення палітвязняў. У выніку ён да гэтага і прыйшоў — не без падказкі з боку амерыканцаў.
У гэтым сэнсе мы бачым дыпламатычную перамогу ЗША і адначасова знешнепалітычную паразу Лукашэнкі. Чаму гэта перамога амерыканцаў? Таму што ім нават не трэба дамагацца рэальнага зняцця санкцый або ўбудоўваць гэтае рашэнне ў нейкі складаны палітычны кантэкст.
Пакуль дзейнічаюць еўрапейскія санкцыі, яны нікуды не знікнуць. Як бы прыгожа ні гучалі заявы, калій усё роўна нікуды не паедзе, акрамя як праз расійскія парты — як і раней. А гэта дорага, далёка і нявыгадна, да таго ж ставіць расійскіх вытворцаў калійных угнаенняў у больш прывілеяванае становішча.
Што будзе далей? Літву будуць ламаць праз калена? Беларускі калій паедзе ў Клайпеду?
— У бліжэйшыя месяцы ўсё застанецца так, як ёсць. Літва свае парты не адкрые. Амерыканцы, хутчэй за ўсё, не будуць ціснуць на еўрапейцаў па гэтым пытанні: адкрыць яшчэ адзін фронт ціску нескладана, а вось дамагчыся рэальных зменаў — значна цяжэй. Пры гэтым ЗША паказалі, што здольныя дамагацца масавага вызвалення палітвязняў, адначасова падвешваючы "моркву" дзесьці вельмі далёка — не перад носам, а нібыта на пад’ёмным кране, на вышыні ў пару сотняў метраў, — тлумачыць сітуацыю Мошас.
— Цяпер нават невялікія дзяржавы здольныя блакаваць важныя рашэнні. Калі Трамп будзе ціснуць, скажам, толькі на Літву, Еўрапейскі саюз усё роўна ўступіцца. Гэта вельмі хутка перарасце ў канфлікт ужо паміж ЕС і ЗША.
А калі Трамп хоча дамовіцца ціха, спакойна і прагматычна, яму давядзецца рыхтаваць нейкі "пернік" для Еўропы ў цэлым, а не толькі для адной Літвы. Але, на мой погляд, ніякага рэальнага руху ў гэтым кірунку цяпер не адбываецца.
Таму я і лічу, што сур’ёзнага ціску не будзе. І гэта пры тым, што я сам казаў крыху раней: адзінага Захаду больш не існуе. Але нават у гэтай сітуацыі зусім не абавязкова, што Трамп будзе бясконца нарошчваць колькасць канфліктаў з Еўропай, — упэўнены эксперт.