Наўседа пацвердзіў цвёрдую пазіцыю па беларускіх угнаеннях

Гітанас Наўседа

Гітанас Наўседа

Прэзідэнт Гітанас Наўседа абяцае цвёрда адстойваць пазіцыю Літвы, калі краіна сутыкнецца з ціскам па аднаўленні транзіту беларускіх угнаенняў.

"Ведаеце, для мяне каштоўнасная палітыка — гэта не пустое паняцце і не пустыя словы. Таму прадпрымаць такія дзеянні, аб якіх вы кажаце, — гэта значыць, гандляваць каштоўнасцямі — для мяне цалкам непрымальна",заявіў ён у інтэрв'ю BNS. Так літоўскі прэзідэнт пракаментаваў ідэю адкрыць транзіт беларускага калію ў абмен на большую прысутнасць амерыканскіх вайскоўцаў у Літве.

"Любыя развагі пра тое, што мы маглі б нешта "прадаць" у абмен на больш гнуткую пазіцыю па пытанні беларускіх угнаенняў, у прынцыпе недапушчальныя. І гэта, дарэчы, палітыка Еўрапейскага Саюза, бо гаворка ідзе не пра санкцыйны рэжым Літвы, устаноўлены ў дачыненні да Беларусі", — дадаў ён.

Наўседа паведаміў, што пытанне транзіту беларускіх угнаенняў ён абмяркоўвае з кіраўніцтвам іншых краін ЕС: "Цяпер я якраз абмяркоўваю гэтае пытанне з лідарамі суседніх краін - з прэм'ер-міністрам Польшчы, з прэм'ер-міністрам Латвіі. Учора мы гаварылі пра гэта і з канцлерам Германіі спадаром Фрыдрыхам Мерцам. Я спытаў яго, як падзеі могуць развівацца далей. У любым выпадку пазіцыя Літвы застаецца вельмі жорсткай".

Наўседа выказаў надзею, што атрымаецца сфармаваць моцную кааліцыю, якая адназначна выступіць супраць экспарту беларускіх угнаенняў праз парты Літвы.

Пад канец 2025 года ЗША адмянілі санкцыі супраць беларускіх угнаенняў у абмен на вызваленне палітвязняў. Пасля гэтага сталі агучвацца меркаванні, што Вашынгтон можа аказваць ціск на Літву, каб атрымаць дазвол на транзіт угнаенняў праз Клайпедскі порт. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.