Аляксей Талай заявіў, што санкцыі працуюць
Аляксей Талай / sb.by
Паралімпіец Аляксей Талай, які актыўна ўдзельнічае ў вывазе дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь, заявіў, што праз санкцыі ад яго пачалі адварочвацца "сябры і партнёры".
Паводле яго слоў, людзі адмаўляюцца супрацоўнічаць як у бізнесе, так і, у першую чаргу, у дабрачынных праектах. Талай адзначае, што прычынай часта становяцца менавіта санкцыйныя абмежаванні, бо партнёры "баяцца наступстваў".
"Прызнацца, нават я не чакаў — санкцыі працуюць", — напісаў ён, дадаўшы, што разумее пазіцыю тых, хто адмаўляецца ад супрацоўніцтва.
Нагадаем, Аляксей Талай трапіў пад санкцыі Еўрасаюза ў лютым 2024 года. Сам ён лічыць гэтыя абмежаванні несправядлівымі і сцвярджае, што пакараны "за дапамогу пацярпелым людзям".