Транзіт беларускіх угнаенняў Літва будзе ўзгадняць з Польшчай і Латвіяй
"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота
Лідары Польшчы і Латвіі запэўнілі Літву, што будуць прытрымлівацца агульнай пазіцыі наконт магчымага экспарту ўгнаенняў з Беларусі праз іх тэрыторыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Злучаныя Штаты сёлета ў снежні анансавалі зняццё санкцый на беларускія ўгнаенні ўзамен на вызваленне больш як 100 палітвязняў у Беларусі. Адпаведныя санкцыі ЕС працягваюць дзейнічаць. Тым не менш актывізаваліся размовы пра магчымае аднаўленне транзіту беларускіх угнаенняў праз порты Літвы.
"Падчас нядаўніх сустрэч, як у Хельсінкі, так і ў Бруселі, я размаўляў (з лідарамі Польшчы і Латвіі. — Рэд) /.../ пра гіпатэтычную сітуацыю, у якой хтосьці прапанаваў экспартаваць беларускія ўгнаенні праз парты гэтых краін. (Пытанне было), ці сапраўды (Польшча і Латвія) зоймуць такую ж жорсткую пазіцыю, як Літва. Адказ быў "так", — перадае polskieradio.pl словы Наўседы.
Ён дадаў, што ЗША размяшчаюцца за Атлантыкай і маюць "іншую геапалітычную стратэгію". А Літва "знаходзіцца ў частцы кантынента, якую можна назваць гарачай, дзе дзейнічаюць агрэсіўныя дзяржавы".
Літоўскі прэзідэнт падкрэсліў, што "палітыка, заснаваная на каштоўнасцях, — самая выгадная палітыка". Ён параўнаў Беларусь з парахавым складам, які па сутнасці належыць Расійскай Федэрацыі.
Транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву быў прыпынены 1 лютага 2022 года.