ЗША не патрабуюць ад Літвы дазволіць транзіт беларускіх угнаенняў — Наўседа
Гітанас Наўседа / ELTA
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа абверг звесткі пра ціск з боку ЗША на Літву, каб дазволіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз порт Клайпеды. Пра гэта ён заявіў 30 снежня ў эфіры Žinių radijas. Ён падкрэсліў, што Злучаныя Штаты не ўзнімаюць гэтае пытанне, адзначае партал LRT.
Літва, заявіў Наўседа, надалей выступае за санкцыі супраць Беларусі, бо "прычыны іх увядзення нікуды не зніклі".
Таксама прэзідэнт краіны выказаў надзею, што з дапамогай саюзнікаў атрымаецца "ўстойліва вырашыць крызіс з кантрабанднымі паветранымі шарамі". Акрамя таго Наўседа паабяцаў, што Літва выкарыстае ўсе магчымасці, каб вярнуць фуры, якія затрымаліся ў Беларусі. Ён адзначыў, што афіцыйная Вільня захоўвае магчымасці "весці перамовы з Беларуссю на тэхнічным узроўні і вырашаць пытанні цывілізавана".