Магчыма, знойдзена невядомая карціна Язэпа Драздовіча
Яна напісана ў 1937 годзе / Kresy północno-wschodnie: Wileńszczyzna, Nowy Pohost, Brasław i inne miasta
У польскай фэйсбук-групе размешчана фатаграфія карціны, якую, верагодна, у 1937 годзе намаляваў беларускі мастак Язэп Драздовіч. Як піша аўтар паведамлення, паводле сямейных аповедаў, яе аўтарам быў мастак, які вандраваў па Віленшчыне і пісаў карціны за грошы.
"Як вынікае з подпісу, яго прозвішча было Драздовіч. Карціна адлюстроўвае дом майго дзеда па бацькоўскай лініі, які знаходзіўся ў вёсцы Навіны, размешчанай недалёка ад Дзісны", — сцвярджае аўтар допісу.
У каментарыях пішуць, што для праверкі сапраўднасці карціны неабходна правесці экспертызу подпісу Драздовіча.
Нагадаем, што раней у касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у вёсцы Задарожжа адшукалі ікону, над рэстаўрацыяй якой працаваў Язэп Драздовіч.