У Мінску пачалі зносіць "Валадарку"
Пачаўся знос "Валадаркі" / Blizko.by
У Мінску пачалі зносіць будынкі вакол Пішчалаўскага замка. Гэта былое СІЗА №1, больш вядомае як "Валадарка" (бо размяшчаецца на вуліцы Валадарскага).
Мяркуючы па здымках, якую публікуе Blizko.by, зносяць двухпавярховы корпус з боку фабрыкі-кухні, да якога прымыкае былы будынак СІЗА пад умоўнай назвай "Шанхай".
Раней паведамлялася, што ў былой турме плануецца зрабіць шматфункцыйны корпус з крамамі і кавярнямі, а таксама будуць праводзіць культурна-масавыя мерапрыемствы.
Згодна з распрацаванай канцэпцыяй мяркуецца захаваць пяць будынкаў, якія лічацца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі: сам замак, аднапавярховы будынак, які знаходзіцца за ім, і аб'екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, якія сёння схаваныя за агароджай. Пазнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць.