Унікальную сядзібу ў Віцебскай вобласці прадалі за бясцэнак, пакупнік — з Расіі
101 рубель за "Малыя Дольцы" / realt.by
Ва Ушацкім раёне сядзібу "Малыя Дольцы", дзе была створана і пастаўлена адна з першых беларускіх п’ес, прадалі з аўкцыёну за 101 рубель пры пачатковай цане 42 рублі. У 2023 годзе за яе прасілі 115 000 рублёў. Вядома, што пакупнік — грамадзянін Расіі.
Сядзіба была пабудавана ў 1848 годзе. Будынак мае плошчу 705 квадратных метраў, побач знаходзіцца возера. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці яна атрымала ў 2020 годзе. Да 2013 года тут размяшчалася кантора мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі.
Да пачатку XX стагоддзя сядзіба належала роду Сушынскіх. У 1909 годзе тут была створана і пастаўлена адна з першых беларускіх п’ес — "Міхалка".
Сядзіба размешчаная непадалёк ад ракі Ушача, побач знаходзяцца тры азёры і лес.
Да аб’екта адносіцца амаль 12 сотак зямлі на правах арэнды тэрмінам на 50 гадоў. Новы ўладальнік зможа выкарыстоўваць зямельны ўчастак для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і размяшчэння аб’ектаў вытворча-дзелавога прызначэння, сельскагаспадарчых аб’ектаў, а таксама для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома.