Паселішча на рацэ Менка пачало развівацца ў першым дзесяцігоддзі X стагоддзя
Часткі тысячагадовай сцяны старадаўняга Мінска / Официальный канал Института истории НАН Беларуси
Беларускія навукоўцы пабудавалі храналогію гадавых кольцаў дуба MNK01, якая ахоплівае 170 гадоў — перыяд з 828 па 997 год. Дрэва было выяўлена падчас раскопак тысячагадовай сцяны старажытнага Мінска, які знаходзіўся на рацэ Менцы. Дэндрахраналагічны аналіз выявіў "працяглы перыяд зніжэння сінхроннасці росту паміж дрэвамі, які доўжыўся прыблізна з 910 па 980-я гады". Пра гэта піша канал "De facto. Беларуская навука".
"Наяўнасць асінхронных рэзкіх змен росту і пашкоджанняў, якія ўзнікаюць на розных дрэвах у розны час на працягу гэтага інтэрвалу, сведчыць пра ўплыў чалавечай дзейнасці на лес. Гэтыя заканамернасці могуць сведчыць пра тое, што паселішча на рацэ Менка пачало развівацца ў першым дзесяцігоддзі X стагоддзя", — зрабілі выснову навукоўцы.
Пра сваё адкрыццё група беларускіх навукоўцаў — Максім Ярмохін, Віталь Моцны, Віталь Лукін, Аляксандр Пугачэўскі, Андрэй Вайцеховіч — піша ў новым нумары часопіса Dendrochronologia.
Дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу раней таксама стала вядома, што дубы для пабудовы гарадзішча на Менцы былі высечаныя паміж другой паловай 997 года і ранняй вясной 998 года.