Адзінаццацікласнік мінскай школы ўчыніў самагубства
Падлетак, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У мінулыя выходныя (14-15 лютага) вучань 11-га класа мінскай школы №208 учыніў суіцыд. Афіцыйнай інфармацыі пра трагедыю не было, аднак выданне "Зеркало" даведалася, што следчыя праводзяць праверку па факце смерці школьніка.
Паведамляецца, што падлетак жыў у адным з пасёлкаў у прыгарадзе сталіцы. Там жа ён і пакончыў з жыццём.
Гэты факт пацвердзіла намесніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Асташова, калі журналістка "Зеркала" затэлефанавала ў школу як занепакоеная мама. Завуч кажа, што наўрад ці прычынай суіцыду стала цкаванне. Паводле яе, дзіця не справілася з пэўнай сітуацыяй: "Я вам не магу сказаць, бо цяпер ідзе следства. Але прычына там некалькі ў іншым. Зразумела, там нейкі комплекс фактараў, гэта значыць нельга сказаць, што нешта адно стала прычынай".
Цяпер са старшакласнікамі працуюць псіхолагі, у тым ліку і спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. Таксама псіхолагі акажуць дапамогу бацькам школьнікаў.
Раней паведамлялася аб росце суіцыдаў сярод непаўналетніх у Беларусі. Генпракуратура называла самагубствы адной з галоўных прычын гібелі дзяцей.