У Даніі ўпершыню выдалі пашпарт замежніка беларусцы без статусу ўцекача
Пашпарт замежніка, які атрымала беларуска ў Даніі / Talaka
У Даніі ўпершыню пашпарт замежніка атрымала беларуска без статусу ўцекача. Пра гэта паведамляе асацыяцыя "Талака — Сябры Беларусі ў Даніі".
Адзначаецца, што выдачы пашпарта папярэднічала двухгадовая настойлівая і інтэнсіўная праца. "Гэтая падзея стала важнай вяхой як для беларускай супольнасці ў Даніі, так і асабліва для беларусаў, якія па палітычных прычынах не могуць звяртацца да ўладаў Беларусі", — падкрэсліваюць у "Талацэ".
Выдача дакументу, як адзначаецца, стала вынікам маштабнай супольнай працы групы актывістаў "Талакi". Таксама істотную ролю адыграла падтрымка Святланы Ціханоўскай і яе Офіса. Акрамя таго дапамаглі ўвага з боку дацкіх уладаў і дзяржаўных інстытуцый. У "Талацэ" адзначаюць заявы дацкага міністра замежных спраў Ларса Лёкке Расмусена і ўдзел амбудсмаэна дацкага парламента Крысціяна Брытэна Лундблада.
Таксама беларускія актывісты падзякавалі прадстаўнікам дацкіх палітычных партый і СМІ, якія дапамаглі абараняць правы беларусаў у Даніі.