У мінскія школы 2-га лютага прыйшло менш за чвэрць вучняў
Маразы ў Мінску / lookby.media
Заняткі ў мінскіх школах не адмянілі нягледзячы на вялікія маразы. Аднак многія бацькі самі не адпусцілі дзяцей у школу. Пра гэта расказала намесніца старшыні камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова.
"Вядома, зранку слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за 25 градусаў па Цэльсіі. Але разам з тым сёння зацішнае надвор'е. Установы адукацыі знаходзяцца практычна ў крокавай даступнасці ад месца пражывання школьнікаў. Таму заняткі не адмяняліся", — заявіла чыноўніца.
Яна паведаміла, што ў школы прыйшлі каля 50 тысяч навучэнцаў. Дарэчы, у гэтым навучальным годзе ў Мінску лічыцца больш за 223 тысячы школьнікаў. Атрымліваецца, што на заняткі ў панядзелак прыйшло каля 22,4% з іх.
Паводле Смірновай, у школах з разуменнем паставіліся да рашэння бацькоў пакінуць дзяцей дома. Пры гэтым школам рэкамендавалі не праводзіць заняткі фізкультурай на свежым паветры.