Ціск, пераслед і рэпрэсіі — даклад пра правы людзей ЛГБТК+ у Беларусі
Даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ад ініцыятывы TG House / pixabay.com
У 2025 годзе сітуацыя з правамі ЛГБТК+ у Беларусі яшчэ больш пагоршылася: улады ўзмацнілі рэпрэсіі, дыскрымінацыю і кантроль над прыватным жыццём, асабліва ў дачыненні да трансгендарных людзей. Да такой высновы прыходзіць ініцыятыва TG House ў сваім дакладзе. Дзяржаўная палітыка грунтавалася на рыторыцы "традыцыйных каштоўнасцяў" і супрацьстаяння "заходняй ідэалогіі", а ЛГБТК+ супольнасць падавалася як нібыта пагроза сям’і, дзецям і грамадству.
Працягваецца замацаванне дыскрымінацыйных практык на заканадаўчым узроўні. Папраўкі ў Закон "Аб правах дзіцяці" прызналі "прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі" шкоднай для дзяцей. Адначасова ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях плануецца ўвесці артыкул 19.16 аб "прапагандзе гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі", які прадугледжвае буйныя штрафы і адміністрацыйныя арышты.
Пры гэтым паняцце "прапаганды" наўмысна сфармулявана расплывіста, што дазваляе караць практычна любыя публічныя выказванні, а таксама праваабарончую і асветніцкую дзейнасць.
Трансгендарныя людзі сталі адной з найбольш уразлівых груп. Міністэрства аховы здароўя змяніла правілы карэкцыі полу, замяніўшы сэксолага ў складзе камісіі на псіхіятра-нарколага, што фактычна прыраўноўвае трансгендарнасць да "псіхічнага адхілення".
Уся працэдура транс-пераходу фактычна завязаная на аднаго ўрача-псіхіятра-нарколага, чые адпачынкі або шпіталізацыя блакуюць доступ да працэдуры для соцень людзей.