Гісторыя беларуска-ўкраінскай транс-пары, якая ўцякла з Беларусі
Лена і Марсэль / Фото из личного архива Лены и Марселя
Ініцыятыва TG House паразмаўляла з Ленай і Марсэлем пра праблемы трансперсон у беларускім грамадстве, адмовы камісіі па транспераходзе і праблемы з сілавымі структурамі.
Еўрарадыё зрабіла кароткі пераказ інтэрв’ю.
Лена і Марсэль — транс-пара, якая ніколі не хавала сваіх адносін. У Беларусі гэта азначае ціск з боку грамадства і дзяржавы. Марсэль сутыкнуўся з гэтым, калі паспрабаваў прайсці камісію па транспераходзе і змяніць дакументы.
Марсэль нарадзіўся ва Украіне, у Данецкай вобласці. Пра сваю трансгендарнасць ён распавёў бацькам выпадкова. На той момант яны яго не падтрымалі, таму давялося ісці на хітрыкі.
— Я сказаў маці, што калі яна будзе звяртацца да мяне ў мужчынскім родзе, а мая трансгендарнасць несапраўдная, то гэтая "блаж" мне хутка надакучыць. Маці пагадзілася: так я дамогся, каб дома да мяне звярталіся ў жаданым гендары, — успамінае Марсэль.
У 17 гадоў ён вырашыў пераехаць у Беларусь разам з бабуляй, ад якой таксама схаваў сваю трансгендарнасць. Каб бацькі далі згоду на пераезд, давялося прыкідвацца максімальна фемінным і зрабіць выгляд, што ён адмовіўся ад думак пра пераход.
— Як толькі я атрымаў беларускае грамадзянства, я звярнуўся ў РНПЦ псіхічнага здароўя па псіхалагічную дапамогу і каб пачаць афіцыйную працэдуру пераходу.
На сваю першую камісію ён трапіў якраз тады, калі ўжо пачалася хваля масавых адмоваў. І ў першы раз, і на паўторнай камісіі ён не атрымаў дазволу на гарманальную тэрапію і змену дакументаў.
Стаўленне на першай камісіі — тады яе ўжо ўзначальвала Кучынская — нельга было назваць спрыяльным. Адзін з членаў камісіі заявіў мне: "Глядзі, на гэтым дзіцячым фота ты ўсміхаешся. Што ты думаеш пра тое, што ты забіў гэтую прыгожую дзяўчынку?"
— Я сумняваюся, што гэта быў чалавек з медыцынскай адукацыяй, хутчэй за ўсё прадстаўнік сілавых структур, — успамінае Марсэль.
— У РУУС мяне змясцілі ў мужчынскую камеру. У тэлефоне знайшлі стары акаўнт і падпіску на Telegram-канал, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Мне выпісалі штраф у 400 рублёў і адпусцілі. Аднак адзін з міліцыянераў папярэдзіў, што гэтае затрыманне будзе не апошнім, што "ў спакоі мяне не пакінуць" і будуць іншыя прыводы. Ён параіў з’язджаць з краіны.
Марсэль і Лена прынялі рашэнне з’язджаць з Беларусі і звярнуліся ў арганізацыі TG House і Equal Postost. Equal дапамагла аформіць візы і набыць квіткі.
Для эміграцыі пара абрала Францыю, бо гэта максімальна далёка ад Беларусі. Перад выездам TG House дапамагла Лене аплаціць штраф за падпіску на "экстрэмісцкі" канал, што дазволіла ёй бесперашкодна перасекчы мяжу.
Таксама супрацоўнікі арганізацыі падрыхтавалі прававыя заключэнні для атрымання міжнароднай абароны і забяспечылі Марселю і Лене матэрыяльную падтрымку, пакуль яны чакалі першую дапамогу ў Францыі.