Стаў вядомы лёс кажаноў, якіх выкінулі на снег у салігорскай гімназіі
Кажаны ў снезе ў салігорскай гімназіі №1 / facebook.com/kazhanapolis
Стаў вядомы лёс 300 кажаноў, якіх знайшлі ў салігорскай гімназіі і выкінулі ў снег.
2 лютага цэнтр па выратаванні кажаноў "КажанаПоліс" апублікаваў з Салігорска фота кажаноў, якія ляжалі ў снезе. Паведамляецца, што здарэнне адбылося ў гімназіі №1.
Зоаабаронцы нагадалі, што "ўсе віды кажаноў Беларусі тым ці іншым чынам ахоўваюцца законам, а дзевяць відаў занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі".
У сацсетцы Threads карыстальніца ilovegood апісала бачанае: "У самы марозны дзень. Кажаны павольна гінулі ў снезе, хтосьці боўтаўся, спрабаваў паўзці, хтосьці зваліўся і не варушыўся. Побач не знайшлося чалавека, які б хоць чымсьці жывёлам дапамог. Потым кажаноў сабралі ў скрынку, але куды іх падзелі — невядома (магчыма, проста выкінулі). Тут і факт жорсткага абыходжання, і канфіскацыя з прыроды дзікіх жывёл, і маральная траўма для дзяцей".
Як паведаміла мясцовая газета "Шахцёр", кажаноў знайшлі зранку 2 лютага на другім паверсе гімназіі. Там была скразная дзірка ў сцяне пад адным з падваконняў. Мяркуецца, што кажаны зімавалі на фасадзе будынка гімназіі, а ў моцны мароз памкнуліся да цяпла ад батарэі і прагрызлі ўцяпляльнік пад аконнай рамай.
У гімназію выклікалі ратавальнікаў. У газеце пішуць, што супрацоўнікі МНС дасталі каля 230 кажаноў. Работнікі гімназіі сабралі іх ва ўцепленыя каробкі і адвезлі да цеплатрасы.