"Ідэальны вораг": як рэпрэсуюць ЛГБТК+ у Беларусі
Рэпрэсіі супраць ЛГБТК+ у Беларусі / @rubanau_collage
Квір-людзі ў Беларусі даўно лічацца кімсьці накшталт "непажаданых элементаў" — пра іх альбо дрэнна, альбо нічога. Пасля 2020 года яны ператварыліся ў адзін з галоўных аб'ектаў цкавання з боку ўладаў. Калі паслухаць дзяржаўную прапаганду, то ва ўсіх праблемах краіны вінаватыя менавіта людзі ЛГБТК+.
— Нараджальнасць нізкая? — вінаватыя геі.
— Педафілы арудуюць? — напэўна, "яны".
— А на пратэсты хто хадзіў? — ясная справа, хто, — кажа беларуская прапаганда.
Але за прапагандысцкай рыторыкай — рэальнае жыццё людзей, калі ўсё што заўгодна можа прывесці да допытаў, звальненняў, і часта — уцёкаў з краіны.
"Чаго заўгодна чакаў, але не гэтага"
У сучаснай Беларусі адно выпадковае дзеянне або званок можа многае змяніць. Менавіта так адбылося з Антонам.
Ён сядзеў на працы, як раптам патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі прыйсці.
— Прычына запрашэння гучала дзіўна. Я чуў, што людзей выклікалі, глядзелі тэлефон, потым саджалі на суткі па "палітыцы". Падумаў, можа па гэтых прычынах выклікаюць і мяне. А можа, мной хочуць закрыць план — тыпу злачынцаў мала насаджалі.
Нягледзячы на трывогу і адчуванне, што "нешта не так", Антон вырашыў ехаць.
Кіры цяжка ўспамінаць той дзень. Яна кажа, што гэта была вельмі непрыемная і небяспечная сітуацыя. Сілавікі паводзіліся напышліва, агрэсіўна, лаяліся і смяяліся. Потым склалі тыповую "палітычную" адміністратыўку і закрылі на “суткі”.
— Наогул, ЛГБТК+ — гэта не толькі пра сексуальную арыентацыю. Гэта пра ідэнтычнасць, права на суб'ектнасць і годнасць, пра самавыяўленне, творчасць, пра падтрымку супольнасцю і, вядома, пра каханне. У спецслужбаў іншае разуменне: яны бачаць у ЛГБТК+ не праяву ідэнтычнасці, а нешта, што можна выкарыстоўваць як падставу для кантролю, ціску і гвалту.
Рызыка, што такі допыт паўторыцца і сілавікі знойдуць, што можна выкарыстоўваць супраць Кіры, была высокай. Яна была настолькі напалоханая, што баялася затрымання пры перасячэнні мяжы.
— Я прыняла вельмі цяжкае рашэнне з'ехаць, таму што ў Беларусі немагчыма жыць і адчуваць сябе ў бяспецы, калі ты ўжо трапіла ў поле зроку сілавікоў. Сістэма робіць ЛГБТК+-людзей мішэнню, выкарыстоўваючы іх арыентацыю або гендарную ідэнтычнасць як падставу для ціску, запалохвання і разбурэння супольнасцяў.
"Квір-супольнасць — ідэальны вораг"
Ёсць дзве прычыны, чаму рэжым Лукашэнкі ўзмацняе рэпрэсіі супраць людзей ЛГБТК+, кажа праваабаронца і арганізатар суполкі "Журналісты за талерантнасць" Алег Ражкоў. Першая — дыскрэдытацыя пратэснага руху ў Беларусі, каб ачарніць яго ўдзельнікаў. Другая — распальванне варожасці паміж рознымі групамі ўнутры краіны.
— Для чаго гэта робіцца? Каб адцягнуць увагу ад людзей, якія захапілі ўладу і ўсё кантралююць. Замест таго, каб дазволіць грамадству аб'яднацца, яго раз'ядноўваюць і падсілкоўваюць нянавісць. І квір-супольнасць — ідэальны вораг.
Ражкоў перакананы, што прапаганда супраць ЛГБТК+ выдатна кладзецца і на старыя постсавецкія наратывы, і на новыя, якія ствараюцца цяпер.
— Новыя наратывы сцвярджаюць, што ЛГБТК+ — гэта небяспечна. Яны кажуць: “ЛГБТК + — гэта педафілы, вашыя дзеці ў небяспецы!". Ці, напрыклад, пакуюць сюды ж і чайлдфры — маўляў, праз квір-супольнасць не будуць нараджацца дзеці. Хоць на самой справе яны выглядаюць як усе, але маюць іншую сексуальную арыентацыю і гендарную ідэнтычнасць. Праз гэта і ўзнікае раскол у грамадстве.
Колькі б улады ні казалі, што гэта меры дзяржаўнай ідэалогіі, Ражкоў з імі не згодны. Ён упэўнены — гэта ператварэнне адной групы людзей у мішэнь для вырашэння сваіх задач. І грамадства на гэта паддаецца.
— У гісторыі чалавецтва ёсць мноства выпадкаў, калі мова варожасці выкарыстоўвалася як інструмент і прыводзіла да вельмі страшных наступстваў. Нават да генацыду. Гэта вельмі "паспяховы" механізм, які ўжываецца па адной метадычцы. Будуць тыя, хто настроены скептычна, хто атрымлівае інфармацыю праз альтэрнатыўныя крыніцы, незалежныя медыя. Але будуць і тыя, хто глядзіць прапагандыстаў, — і яны будуць успрымаць гэтую інфармацыю. Нянавісць да ЛГБТК+ стане легальнай: можна дыскрымінаваць, можна нападаць — і табе за гэта нічога не будзе.
Далей — горш. Паводле новага закона за распаўсюд інфармацыі пра ЛГБТК+ улады змогуць караць адміністратыўкамі ці нават крымінальнымі справамі. Наступствы могуць аказацца катастрафічнымі.
— Людзі пачнуць біць, забіваць, дыскрымінаваць. Будзе расці ўзровень суіцыдаў сярод квір-супольнасці — іх будуць даводзіць да такіх умоў. А многія з'едуць з краіны.
"Звон заўсёды звоніць па табе"
Гендарная даследчыца Ірына Сідорская вылучае цэлы шэраг прычын таго, чаму грамадства цісне на квір-людзей. І справа не толькі ў стэрэатыпах, прадузятасцях і міфах.
— Па-першае, за гады існавання незалежнай Беларусі грамадскіх дыскусій на тэму як ЛГБТК+, так і наогул правоў чалавека і правоў меншасцяў, практычна не было. Як не было сексуальнага або гендарнага выхавання.
Па-другое, дзяржава ўсе 30 гадоў манапалізуе інфармацыйную прастору. Нават да 2020 года тэма ЛГБТК+ калі і ўздымалася, то ў нішавых выданнях, і да шырокай публікі не даходзіла.
Трэці момант — гэта спадчына ад Савецкага Саюза, якая зусім не была прапрацаваная. Раней у Крымінальным кодэксе быў артыкул за мужаложства, потым яго адмянілі і як бы сказалі, што ўсе роўныя. Але людзі адчувалі, што хтосьці раўнейшы, а некаторыя наогул не маюць правоў.
Таксама Ірына Сідорская мяркуе, што звычайнаму чалавеку заўсёды хочацца чагосьці пастаяннага. Людзі схільныя спрашчаць свет, а калі кажуць, што можа быць па-іншаму, то ў свеце ўжо няма нічога надзейнага, нічога зразумелага, нічога прадказальнага. І тады яны адмаўляюцца гэта прымаць.
Падаграе грамадскія страхі і прапаганда. Цкаванне квір-супольнасці цяпер — дзяржаўная рыторыка, якая ў разы ўзмацнілася пасля пратэстаў 2020 года. А запалохванні сталі асноўным інструментам кіравання грамадствам.
— І каб кіраваць, трэба знайсці групы, на якія можна спіхнуць усе праблемы. Гэта значыць, нельга ж прызнаць, што ўлада і ёсць асноўнай праблемай, якая ёсць у Беларусі, — трэба знайсці нейкія групы і абвінаваціць.
Варожая рыторыка ў любы момант можа перакінуцца і на іншыя групы ў грамадстве, перакананая Ірына Сідорская.
— Звон заўсёды звоніць па табе. Такія агрэсіўныя дзяржавы, як Беларусь, заўсёды пачынаюць з самых неабароненых, а потым пераходзяць да іншых. Калі сёння кажуць пра тое, што трэба абмежаваць правы ЛГБТК+-людзей, заўтра гэта можа быць абмежаванне правоў жанчын, права на аборт, на абарону, на права працаваць, права атрымліваць адукацыю і гэтак далей. Таму заўсёды трэба заўважаць агрэсію дзяржавы ў дачыненні да групы, да якой ты, можа быць, не належыш.
У 2024 годзе гомасексуальнасць у Беларусі прыраўнялі да заафіліі, садызму і некрафіліі. Не здзівімся, калі неўзабаве за размовы, лайкі і падпіскі ЛГБТК+ людзей пачнуць штрафаваць або саджаць у турму.
Пры падтрымцы "Медыясеткі"