Пацярпеў за падтрымку Украіны. Гісторыя Андрэя, якога схапілі па “справе Гаюна”

Гомельскае СІЗА №3

Гомельскае СІЗА №3 / Выданне "Наша Ніва"

Мінулы год азнаменаваўся закрыццём і вялікай судовай справай “Беларускага гаюна” — маніторынгавага праекта, які тры гады пільна сачыў за перасоўваннем расійскай зброі па тэрыторыі Беларусі. Ахвярамі пераследу сталі не толькі беларусы, якія дасылалі “Гаюну” каштоўную інфармацыю, але і ўкраінцы, якія жылі ў той час у Беларусі.

Сярод іх — Андрэй Ягораў з Ельска, да якога сілавікі прыйшлі праз тры гады пасля яго апошняй камунікацыі з праектам. Еўрарадыё пераказвае гісторыю мужчыны. З мэтай бяспекі асабістыя дадзеныя і пэўныя дэталі гісторыі наўмысна зменены.

Гэта працяг серыі тэкстаў “У беларускім палоне”, прысвечанай грамадзянам Украіны, якія прайшлі праз пераслед рэжыму Лукашэнкі і былі вызвалены ў лістападзе 2025 года. 

 

Не высоўвайся і маўчы

Андрэй нарадзіўся ў Чарнігаве. Ва Украіне прайшла яго маладосць, там жа малады чалавек пазнаёміўся з будучай жонкай — жыхаркай Ельска. Яна вучылася ў Чарнігаве, у філіяле маскоўскай ВНУ. Пазнаёміліся маладзёны прыкладна ў 2012–2013 гадах, пачалі сустракацца, потым пажаніліся. Вяселле адбылося ўжо ў Беларусі, у Ельску. Там нарадзілася і першае дзіця ў іх будучай шматдзетнай сям’і.

Пасля нараджэння дзіцяці Андрэй яшчэ некаторы час заставаўся ва Украіне, але рашэнне было відавочным — трэба жыць з сям’ёй у Беларусі. Так суразмоўца апынуўся ў Ельску, дзе і пражыў наступныя гады.

Украінец працаваў пераважна ў гандлі: ад звычайнага гандлёвага прадстаўніка да супервайзера. Часцей за ўсё — у дзяржаўных кампаніях (“Мінскі завод пеністых він”), пазней — у мясцовага перапрацоўшчыка мяса, а напрыканцы прадаваў цыгарэты ў шапіку. Праца была раз’язная, даводзілася шмат часу праводзіць за стырном аўтамабіля.

Пацярпеў за падтрымку Украіны. Гісторыя Андрэя, якога схапілі па “справе Гаюна”
Адна з вуліц Ельску / Блог Дзяніса Блішча

Жыццё ў Ельску Андрэй апісвае праз стары анекдот: “Есці ёсць што, жыць можна, але брахаць не даюць”. З аднаго боку, было адчуванне бяспекі: дзеці самастойна ездзяць па горадзе, і за іх не страшна. З другога — поўная адсутнасць свабоды выказвання. “Людзей саджаюць за лайкі, за каментары, за падпіску на канал. Для нармальнага чалавека гэта бязглуздзіца”. Андрэй узгадвае сукамернікаў, якія атрымлівалі суткі арышту проста за тое, што былі падпісаны на “няправільныя” рэсурсы.

Ельск Андрэю падаваўся чыстым і ўтульным горадам, хаця апошнія гады стала заўважна, што ў ім не хапае людзей: двары зарастаюць травой, нягледзячы на паказальныя загады зверху. 

“Калі хочаш працаваць — працуй, жыві спакойна. Але не высоўвайся і маўчы”.

 

Сітуацыя развівалася па адміністрацыйна-рэпрэсіўнай логіцы

Падзеі 2020 года сям’я Андрэя перажывала максімальна асцярожна. У самыя напружаныя дні яны стараліся не выходзіць з дому, забралі дзяцей са школы. Андрэй слухаў анлайн-трансляцыі, дзе гаварылі, што ў горадзе людзей затрымлівалі проста каля пад’ездаў. 

Аднойчы Андрэй на ўласныя вочы бачыў, як з машыны хуткай дапамогі выбягалі сілавікі і накідваліся на людзей. “Было вельмі непрыемна”. Жонка адразу папярэдзіла яго: ніякіх удзелаў, ніякай рызыкі.

Сітуацыя пагоршылася ў 2022 годзе, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Маці Андрэя заставалася ў Чарнігаве, які апынуўся ў блакадзе. Некаторы час не было сувязі, і Андрэй ліхаманкава шукаў любую інфармацыю. 

Пацярпеў за падтрымку Украіны. Гісторыя Андрэя, якога схапілі па “справе Гаюна”
Транспарціроўка вайсковай тэхнікі / Міністэрства абароны Беларусі

Так аднойчы пачаў чытаць тэлеграм-канал маніторынгавага праекта “Беларускі Гаюн”. Спачатку проста чытаў, нават не падпісваўся. Потым узнікла жаданне дапамагаць. 

“Едзеш, бачыш калону тэхнікі — і разумееш, што гэта важна”.

На працягу прыкладна тыдня Андрэй даслаў у бот “Гаюна" каля дваццаці паведамленняў: фатаграфіі, адно відэа, апісанні перамяшчэнняў расійскай вайсковай тэхнікі. 

Часам гэта была тэхніка відавочна пашкоджаная, якую везлі з Украіны назад, на рамонт. “Відаць, што танкі з пабітымі вежамі, з фронту”.

Калі канал прызналі “экстрэмісцкім”, Андрэй адразу ўсё выдаліў, упэўнены, што на гэтым гісторыя скончыцца. 

“Падумаў тады: выдаліў — і ўсё”. Суразмоўца не ведаў, што матэрыялы застаюцца на серверах. Прайшло больш за тры гады.

А 3 верасня 2025 года раніцай Андрэю патэлефанавалі і паведамілі, што яго аўтамабіль нібыта фігуруе ў ДТЗ з летальным канцом. Андрэй палічыў гэта махлярствам і абарваў размову. Праз паўгадзіны патэлефанавалі зноў — на другім канцы трубкі назвалі поўныя асабістыя даныя мужчыны і нумар яго машыны. Папрасілі выйсці да аўто.

Андрэй выйшаў з пад’езда — і адразу з усіх бакоў яго схапілі людзі ў цывільным. “Чырвонай вокладкай тыцнулі ў твар, рукі выкруцілі, галаву ўніз”. Суразмоўца паспеў толькі ўбачыць некалькі белых бусаў. Тэлефон адабралі адразу.

Андрэя павезлі ў Следчы камітэт горада. Там паказалі старыя фатаграфіі: на некаторых было відаць прыборную панэль яго машыны. Сумневаў не засталося, што гэта праз фота “Гаюну”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.