Малдова выходзіць з СНД
Сцяг Малдовы / pixabay.com
Малдова пачала працэс дэнансацыі трох пагадненняў, якія пакуль што юрыдычна ўтрымліваюць яе ў СНД. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў і віцэ-прэм'ер малдаўскага ўрада Міхай Папшой.
Дэнансаваць іх плануецца да сярэдзіны лютага 2026 года. Дагэтуль удзел Малдовы ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў быў працяглы час замарожаны.
"Потым рашэнне трэба будзе прыняць дэпутатам парламента. Мы ўжо запусцілі гэты працэс у Міністэрстве замежных спраў і перадалі дакументы на ўзгадненне. Частка пагадненняў, калі яны не супярэчаць нашаму еўрапейскаму курсу і прыносяць пэўную карысць, не мае падстаў для дэнансацыі. Але з юрыдычнага пункту гледжання ўжо ў самы бліжэйшы час Малдова афіцыйна не будзе часткай СНД", — перадае newsmaker.md словы Папшоя.
Каментуючы рашэнне афіцыйнага Кішынёва, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што яно не стала нечаканасцю: "Можна толькі выказаць шкадаванне, што Малдова працягвае свой курс на адмаўленне якіх-небудзь стасункаў з Расіяй".