У Малдове паведамляюць пра высылку беларускага дыпламата
Сцяг малдовы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Супрацоўнік беларускай амбасады ў Малдове абвешчаны персонай нон грата. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў МЗС краіны, перадае newsmaker.md. Імя высланага дыпламата не называецца.
Прычыны такога рашэння не паведамляюцца. Прэс-сакратар урада Даніэль Водэ на прэс-канферэнцыі не пацвердзіў і не абверг сувязі гэтага рашэння з нядаўнім затрыманнем экс-намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Аляксандру Балана, якога падазраюць у перадачы сакрэтнай інфармацыі беларускаму КДБ.
Гэта не першая высылка супрацоўнікаў беларускіх амбасадаў за апошнія дні. У панядзелак у Чэхіі паведамілі пра выкрыццё шпіёнскай сеткі беларускіх спецслужбаў. У выніку адзін супрацоўнік амбасады быў абвешчаны персонай нон грата і высланы. У аўторак пра высылку беларускага дыпламата і затрыманне беларускага агента паведамілі ўлады Польшчы.
Таксама, як паведамлялася, у Румыніі быў затрыманы адзін з былых кіраўнікоў малдоўскай разведкі Аляксандру Балан. Паводле звестак румынскіх уладаў ён двойчы сустракаўся ў Будапешце (Венгрыя) у 2024 і 2025 гадах з супрацоўнікамі разведкі КДБ Беларусі.