Шпіёнскую сетку КДБ выкрылі ў еўрапейскіх краінах

Аляксандру Балан

Аляксандру Балан / 1984.md

Шпіёнскую сетку КДБ выкрылі ў некалькіх еўрапейскіх краінах.

У Румыніі затрыманы былы намеснік дырэктара Службы разведкі і бяспекі Малдовы Аляксандру Балан. Яго падазраюць у шпіянажы на карысць Беларусі. Супраць яго вядзецца расследаванне па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе — перадачы дзяржаўных сакрэтаў супрацоўнікам беларускай разведкі, піша ZdG.

Аляксандру Балану 47 гадоў. Ён прыйшоў у кіраўніцтва малдаўскай разведкай у 2016 годзе пры прэзідэнце Мікалаі Цімофці. У сваіх апошніх допісах у Facebook Балан крытыкуе цяперашняга кіраўніка СРБ Аляксандру Мусцяцэ і заклікае да рэформы службы.

Іншыя ўдзельнікі шпіёнскай сеткі дзейнічалі ў Чэхіі і ў Польшчы.

Чэхія 8 верасня абвясціла персонай нон грата беларускага дыпламата. Ён мусіць пакінуць краіну цягам 72 гадзінаў. "Мы не будзем цярпець злоўжыванне дыпламатычным прыкрыццём для дзейнасці спецслужбаў", — заявіла прэс-служба чэшскага МЗС.

Паводле інфармацыі венгерскага выдання Telex, на якую звярнула ўвагу reform.news, у шпіёнскай сетцы фігуруе яшчэ адзін беларус. "Гэты мужчына жыве ў раёне польска-беларускай мяжы, працуе таксоўцам і з'яўляецца сябрам беларускай апазіцыі", — гаворыцца ў матэрыяле Telex.

Выйсці на яго ў спецслужбаў атрымалася праз беларускіх разведчыкаў, з якімі Аляксандру Балан сустракаўся ў Будапешце. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.