Затрыманне паляка ў Беларусі не застанецца без адказу — кіраўнік МЗС Польшчы

Затрыманы Гжэгаж Гавел / "Беларусь 1"
Затрыманне польскага грамадзяніна ў Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы не застанецца без адказу. Пра гэтую заяву міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага паведамляюць СМІ.
"Мы ведаем, што гэта за рэжым, мы ведаем, чаго ад яго чакаць. Урэшце, у беларускіх турмах ужо ёсць польскія зняволеныя, уключаючы Анджэя Пачобута і іншых. Мы ўжо вядзем унутрыўрадавыя кансультацыі пра тое, як на гэта рэагаваць. І я перакананы, што гэтая справа не застанецца без адказу", — адзначыў Сікорскі.
У сацсетцы Х з каментаром выступіў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Яцэк Дабжынскі: "Арышт грамадзяніна Польшчы беларускім КДБ — чарговая правакацыя рэжыму Лукашэнкі супраць нашай краіны. Польскія спецслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі аб вайсковых вучэннях".
Увечары 4 верасня на тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў сюжэт пра затрыманне ў Лепелі (Віцебская вобласць) польскага грамадзяніна, якога абвінавацілі ў шпіянажы супраць Беларусі. На відэа мужчына кажа, што яго завуць Гжэгаж Гавел, ён з Польшчы. Сілавікі заявілі, што ў мужчыны была ксеракопія дакумента наконт вайсковых вучэнняў "Захад-2025" з грыфам сакрэтнасці.
Паведамлялася, быццам Гавел праз сацсеткі выйшаў на беларуса і прапанаваў яму супрацу на карысць Польшчы за штомесячную ўзнагароду: беларус мусіў перадаваць інфармацыю пра вайсковую разведку і камандны склад.
Сярод асабістых рэчаў паляка паказалі грошы розных краін (у тым ліку балгарскія левы) і сім-карту МТС, якую, паводле версіі, ён "атрымаў ад кагосьці".
СМІ высветлілі, што затрыманы паляк — 27-гадовы манах каталіцкага ордэна кармелітаў. Ён закончыў Кракаўскі Папскі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ. А сёлета ў сакавіку склаў вечныя шлюбы — гэта значыць, прысвяціў сваё жыццё манаскаму служэнню.
Aresztowanie polskiego obywatela przez białoruskie KGB to kolejna prowokacja reżimu Łukaszenki wymierzona w nasz kraj. Polskie służby specjalne nie wykorzystują zakonników do zbierania informacji o manewrach wojskowych.
— Jacek Dobrzyński (@JacekDobrzynski) September 4, 2025
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.